А.Лукашэнка: уборачную трэба правесці хуткімі тэмпамі

11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка працягнуў рабочую паездку па рэгіёнах краіны. 10 жніўня ў праграме кіраўніка дзяржавы было наведванне Гродзенскага раёна, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. У цэнтры ўвагі Прэзідэнта знаходзіліся пытанні ўборачнай кампаніі, эфектыўнай сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама вытворчасці і перапрацоўкі мяса птушкі па найноўшых тэхналогіях. Аляксандр Лукашэнка з борта верталёта азнаёміўся з тым, як ідзе ўборка ў Гродзенскай вобласці, і застаўся не зусім задаволены ўбачаным. "Мяне Гродзенская вобласць не ўразіла. Я ўжо псіхалагічна наладзіўся на набліжэнне да завяршэння ўборкі, але ўбачыў, што занадта шмат палёў не ўбрана", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Мы прывыклі, што вы, гродзенцы, заўсёды працуеце хутка, аператыўна. А тут - уражанне сярэдняе. Я чакаў лепшага", - дадаў ён. Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў неабходнасць хуткіх тэмпаў уборкі ўраджаю. "Трэба імкнуцца да таго, каб мы збіралі 6% у дзень - не менш", - сказаў ён. У цяперашні час у Гродзенскай вобласці засталося ўбраць 38% збожжавых. Сярэдняя ўраджайнасць па рэгіёне складае 47,7 ц/га - на ўзроўні мінулага года. Па словах губернатара Уладзіміра Саўчанкі, сёлета ў вобласці плануецца атрымаць ураджай у 1,6 млн.т збожжа (без уліку фермерскіх гаспадарак). Чакаецца, што і кукурузы будзе сабрана больш (у 2008 годзе - 250 тыс.т). У цэлым жа ў Беларусі сабрана 4,8 млн.т збожжа. Як адзначыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сямён Шапіра, ва ўборцы дасягнуты ўзровень мінулага года, нягледзячы на тое, што ўборачная кампанія пачалася на тыдзень пазней мінулагодняй. Прэзідэнт звярнуў увагу на якасць беларускай сельгастэхнікі і запатрабаваў ліквідаваць усе існуючыя тут праблемы. Аляксандру Лукашэнку было дакладзена аб зрыве пастаўкі гаспадаркам Гродзенскай вобласці 30 камбайнаў "Ліда-1600". Прычына - у затрымцы паставак камплектуючых. "Я быў на Гомельшчыне, і там няма ніводнага наракання на гомельскія камбайны. А тут камбайны з нямецкімі камплектуючымі. Дык чаму ж яны выходзяць з ладу?" - абурыўся Прэзідэнт. "Разбярыцеся прынцыпова", - дадаў ён. Аляксандр Лукашэнка выказаў крайняе нездавальненне тым, што ўзровень якасці некаторых беларускіх камбайнаў, а таксама збожжасушылак выклікае нараканні. "Сёння крызіс. Нам важны пастаўкі на ўнутраны рынак. Чаму ідзе не якасны тавар?" - сказаў Прэзідэнт і даручыў губернатару Гродзенскай вобласці Уладзіміру Саўчанку з гэтым уважліва разабрацца. Кіраўнік дзяржавы наведаў філіялы ААТ "Гроднахлебапрадукт": СЧУП "Скідзельскае", СЗАТ "ГроднаБіяпрадукт" і племптушкарэпрадуктар "Юбілейны". Такая форма буйнатаварнай вытворчасці дазваляе мець дыферэнцыраваную гаспадарку, своечасова пераарыентоўваючы яе на выпуск больш запатрабаванай прадукцыі. ААТ "Гроднахлебапрадукт" з'яўляецца наймагутнейшым аграхолдынг, які мае 31,5 тыс.га сельскагаспадарчых угоддзяў, 4 свінагадоўчыя комплексы, буйны комплекс па адкорме жывёлы, больш за дзесятак сельгаспрадпрыемстваў. За паўгода прыбытак прадукцыі склаў звыш Br205 млрд. Асноўным напрамкам дзейнасці сумеснага закрытага акцыянернага таварыства "ГроднаБіяпрадукт" з'яўляецца вытворчасць экалагічна чыстых раслінных алеяў, а таксама дабавак для камбікармоў з высокім утрыманнем бялку. Прадпрыемства ўключае ў сябе цэх па перапрацоўцы рапсу магутнасцю 30 тыс.т у год, цэх рафінацыі расліннага алею магутнасцю 7,2 тыс.т у год, а таксама цэх разліву магутнасцю 9,6 млн. бутэлек у год. Гэта высокатэхналагічнае прадпрыемства з поўным цыклам вытворчасці ад папярэдняй падрыхтоўкі насення да канчатковай ачысткі алею і фасоўкі яго ў палімерную тару. На прадпрыемстве ўкаранёны перадавыя тэхналогіі халоднага прэсавання насення алейных культур, асвоены сучасныя працэсы фізічнай рафінацыі і дэзадарацыі раслінных алеяў, што дазваляе вырабляць да 950 т рафінаванага дэзадараванага харчовага рапсавага алею. Прэзідэнт азнаёміўся з арганізацыяй перапрацоўкі насення рапсу на "ГроднаБіяпрадукт", тэхналагічным працэсам вытворчасці рапсавага алею. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што прадпрыемства неабходна перааснасціць, усталяваўшы найноўшае абсталяванне па перапрацоўцы гэтай сельгаскультуры. Гаспадарка плануе павялічыць пасяўныя плошчы рапсу, аднак Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта не павінна ісці на шкоду іншым сельскагаспадарчым культурам. Падчас наведвання племптушкарэпрадуктара "Юбілейны" у цэнтры ўвагі кіраўніка дзяржавы знаходзіліся пытанні вытворчасці, перапрацоўкі і рэалізацыі мяса птушкі па сучасных тэхналогіях. Племптушкарэпрадуктар "Юбілейны" быў далучаны да ААТ "Гроднахлебапрадукт" восенню 2005 года. На працягу 7 гадоў птушкафабрыка была стратнай. У момант далучэння яе доўг складаў Br15,6 млрд., а сярэдні заробак работнікаў складаў Br295 тыс. У сціслыя тэрміны тут былі праведзены рэканструкцыя і аднаўленне вытворчых магутнасцей. Сёння гэты філіял ААТ "Гроднахлебапрадукт" мае замкнёны цыкл вытворчасці: тут ёсць інкубаторый па вытворчасці бройлераў (ёсць магчымасць інкубаваць да 24 млн. штук яек у год), падраздзяленне па вырошчванні бройлераў, вытворчая магутнасць якога складае каля 25 тыс.т мяса ў год, а таксама мясаперапрацоўчы комплекс. У канцы 2008 года быў пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю новы цэх забою і перапрацоўкі мяса птушкі, які з'яўляецца адзіным у вобласці, абсталяваным сучасным абсталяваннем замежных фірмаў, што дазваляе атрымліваць прадукцыю высокай якасці. Магутнасць цэха забою і перапрацоўкі складае 6 тыс. бройлераў у гадзіну з перспектывай пашырэння да 12 тыс. Акрамя таго, на прадпрыемстве ёсць магчымасць адначасовага захоўвання ў халадзільным абсталяванні больш за 500 т мяса, што дае магчымасць перапрацоўваць птушку іншых гаспадарак. Мясаперапрацоўчы цэх племптушкарэпрадуктара "Юбілейны" з'яўляецца адзіным у Гродзенскай вобласці, сумесна перапрацоўваючым мяса бройлераў, свініну, ялавічыну. Для вытворчасці прадукцыі выкарыстоўваецца ўласная мясная сыравіна высокай якасці, якая не ўтрымлівае генна-мадыфікаваных утварэнняў. Сумеснае выкарыстанне ў вытворчасці мяса птушкі, свініны і ялавічыны дазваляе вырабляць камбінаваныя прадукты, якія маюць высокія смакавыя якасці, павысіць рэнтабельнасць вытворчасці да 25-30%, а дыверсіфікацыя перапрацоўкі павышае эканамічную ўстойлівасць прадпрыемства. У цяперашні час тут завяршаюцца работы па ўстаноўцы абсталявання для вытворчасці сыравяленых і сыракапчоных каўбас прадукцыйнасцю 20 т у месяц. Асартымент выпускаемай прадукцыі налічвае 60 найменняў. У бліжэйшы час плануецца ўкараніць у вытворчасць 40 новых відаў прадукцыі. У цэлым плануецца павысіць працэнт перапрацоўкі мяса птушкі з 24% да 70%. Важна, што за перыяд з моманту ўключэння ў склад ААТ "Гроднахлебапрадукт" колькасць працоўных месцаў павялічылася ў 2,5 раза, дасягнуўшы амаль 1,2 тыс. чалавек, а сярэдні заробак на прадпрыемстве вырас больш чым у 3 разы. Прэзідэнт даў здавальняючую ацэнку працы гэтага буйнатаварнага холдынгу, адзначыўшы, што падобная мадэль можа быць арыенцірам для развіцця ўсіх сельгаспрадпрыемстваў краіны.-0-