А. Лукашэнка бачыць вялікія перспектывы для развіцця прыватнага бізнесу ў Беларусі

13 мая, Бешанковічы /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць вялікія перспектывы для развіцця прыватнага бізнесу ў краіне. Аб гэтым ён заявіў сёння падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Толькі хворыя людзі могуць казаць, што Прэзідэнту прыватнік не патрэбны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Звяртаючыся да кіраўніка беларуска-расійскага сумеснaга таварыства з абмежаванай адказнасцю "Вітконпрадукт" Уладзіміра Някрашэвіча, Прэзідэнт сказаў: "Што падштурхоўвае цябе? Гэта тваё жыццё, твой хлеб. Мая справа толькі забяспечыць правы чалавека, кіраўніка холдынгу і ўсіх людзей. Я мару аб тым, каб займацца толькі правамі чалавека, каб забяспечыць нармальны заробак і каб ніхто не мог прыйсці і сказаць: ты ведаеш, мне гэта падабаецца - аддай, як гэта бывае ў нашых суседзяў". Аляксандр Лукашэнка дадаў, што "ў нас гэтага нібыта няма". "Так, мы ім не падабаемся, таму што яны адчуваюць, што мы канкурэнты, і будуць душыць па ўсіх напрамках", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён лічыць, што галоўны вынік у тым, што "ў чэргі стаяць на беларускую прадукцыю". Кажучы аб наведаным прадпрыемстве, Прэзідэнт станоўча ацаніў працу кіраўніка. "Ніхто не будзе казаць, што ў нас няма прыватнікаў у сельскай гаспадарцы", - дадаў Прэзідэнт. /Будзе дапоўнена/.-0-