А.Лукашэнка: добрае надвор'е дае шанец беларускім аграрыям сабраць небывалы ўраджай

5 жніўня, Шклоўскі раён /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Добрае надвор'е дае шанец беларускім аграрыям сабраць небывалы ўраджай. Такое меркаванне выказаў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас нефармальнай сустрэчы з журналістамі рэгіянальных СМІ Магілёўскай і Віцебскай абласцей у аграгарадку Александрыя, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Склалася ідэальнае надвор'е для ўборкі. Лепш не бывае", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што ўжо больш за палову ўраджаю аграрыі прыбралі. Сёння падыдуць да 60-працэнтнай мяжы. "Калі хоць адзін тыдзень яшчэ пастаіць такое надвор'е, у нас будзе небывалы хлеб. Мы ў гісторыі такога хлеба не бачылі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

 Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на высокую якасць збожжа і аб'ём вырашчанага ўраджаю. "Гэта і той мільён тон пшаніцы, які мы заўсёды куплялі. Сёння яго таксама вырабілі", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы значны ўклад у гэтую справу навукоўцаў і спецыялістаў. "Добра папрацавалі, малайцы", - заключыў Прэзідэнт.-0-