А.Лукашэнка заяўляе аб недапушчальнасці згортвання галіны па вытворчасці лёну ў Беларусі

5 сакавіка, Мінск /Уладзімір Васількоў - БЕЛТА/. Аляксандр Лукашэнка заяўляе аб недапушчальнасці згортвання галіны па вытворчасці лёну ў Беларусі. Адпаведную заяву Прэзідэнт Беларусі зрабіў сёння на нарадзе ў Оршы па развіцці льняной галіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Размовы аб тым, што трэба скараціць пасевы лёну, знішчыць вытворчасць ільнапрадукцыі, - дурныя размовы", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Мы асколак велізарнай імперыі, у якой было разумна прадумана размеркаванне працы. Калі мы сталі суверэннай дзяржавай, у нас засталася тая вытворчасць, якую мы, калі б існавалі па-за гэтай імперыяй, ніколі б не будавалі. Але яна нам засталася, і мы з вамі яшчэ 15 гадоў таму дамовіліся, што мы ні ад чаго не будзем адмаўляцца, таму што створаны школы, вытворчасці, працоўныя месцы для людзей", - растлумачыў Прэзідэнт. У той жа час тады дамовіліся развіваць перш за ўсё тыя вытворчасці, для якіх у Беларусі ёсць сыравіна, гэта такія галіны, як дрэваапрацоўка, сельская гаспадарка. Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што для вытворчасці якаснай ільнапрадукцыі ў Беларусі ёсць усё: адпаведныя кліматычныя ўмовы, кадравыя рэсурсы, тэхналогіі. "На гербе нашай краіны - ільно. І справа тут не ў эмоцыях. Скажыце, ці магу я пагадзіцца з прапановай урада знішчыць ільнаперапрацоўку?" - сказаў кіраўнік дзяржавы. Па словах Прэзідэнта, задача нумар адзін сёння - вырабіць аптымальную колькасць ільнавалакна, якое можна перапрацаваць і прадаць. "Ільнаводчай галіне Беларусі быць! - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. - Я ўпэўнены, мы ў стане стварыць ільнаводчую галіну, якая будзе адной з лепшых у свеце".-0-