А.Лукашэнка запэўнівае, што выбары ў Беларусі пройдуць па самых дэмакратычных стандартах

2 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запэўнівае, што выбары ў Беларусі пройдуць па самых дэмакратычных стандартах. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з міністрамі замежных спраў Германіі і Польшчы, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Я ведаю, што ёсць распаўсюджанае меркаванне: пачакаем да выбараў. У сувязі з гэтым хачу сказаць - выбары ў нас не першыя, не апошнія. І я не проста хачу вам сказаць пра гэта, а хачу вас запэўніць, паколькі ўсё ж такі вы людзі мужныя, рызыкнулі прыехаць да нас напярэдадні выбараў - не кожны на гэта вырашыцца, у тым, што выбары ў нас пройдуць без сучка і задарынкі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Як дзеючы Прэзідэнт ад імя ўлады хачу паабяцаць, і я гэта ўжо не аднойчы казаў усім людзям у Беларусі, і хачу вас запэўніць у тым, што выбары пройдуць па самых дэмакратычных стандартах. Нам няма неабходнасці праводзіць не празрыстыя выбары, якія будуць пастаўлены пад сумнеў сусветнай супольнасцю". "Прынамсі, на сённяшні дзень усе жадаючыя з якой бы то ні было краіны свету наведаць нашу краіну да выбараў, у перыяд выбараў, прадстаўнікі міжнародных арганізацый атрымалі самы шырокі доступ да беларускага грамадства. Хто жадае - яны сёння знаходзяцца ў нашай дзяржаве. Мы гэтай лініі будзем прытрымлівацца і надалей", - адзначыў беларускі лідар. Ён таксама падкрэсліў, што "легітымнасць выбараў для нас сёння важнейшая, чым для каго б там ні было на гэтай планеце". "Перш за ўсё мы зацікаўлены ў тым, каб выбары ў нас прайшлі абсалютна легітымна, каб да нас не было пасля гэтага пытанняў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.-0-