Амбулаторыя для дарослага насельніцтва адкрылася ў новым мікрараёне Віцебска
Першы ў мікрараёне аб'ект аховы здароўя
будзе абслугоўваць усё дарослае насельніцтва - цяпер гэта каля 20 тыс. чалавек. Па
сутнасці, у новыя сцены перасяляецца цэлае аддзяленне Віцебскай гарадской
клінічнай паліклінікі №3, куды раней даводзілася ездзіць на прыём мясцовым
жыхарам. Як адзначыў на адкрыцці мэр горада Віктар Мікалайкін, аб'ект разгрузіць
саму паліклініку, якая абслугоўвае густанаселеныя раёны Віцебска агульнай
колькасцю больш за 80 тыс. чалавек. Да таго ж і лекарам так зручней не толькі
весці прыём, але і наведваць пацыентаў на даму. На стварэнне і добраўпарадкаванне
амбулаторыі было выдаткавана каля Br2 млрд (недэнамінаваных). "У
Праграме развіцця аховы здароўя Віцебскай вобласці на 2016-2020 гады было
запланавана адкрыццё амбулаторыі ўрачоў агульнай практыкі ў мікрараёне Білева,
які працягвае актыўна забудоўвацца. Гэта набліжэнне першаснай
медыцынскай дапамогі непасрэдна да насельніцтва. Дзякуючы праведзенай у апошнія
7 гадоў аптымізацыі сістэмы аховы здароўя вобласці мы аптымізавалі і расходы.
Сродкі ад атрыманай эканоміі цяпер накіроўваем на развіццё", - растлумачыў
журналістам начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач. З
дапамогай гарадскіх уладаў былі аператыўна выбраны памяшканні ў адным з
будаўнічых шматпавярховікаў па праспекце Маскоўскім, 89. Дзве кватэры на першым
паверсе былі выкуплены ў заказчыка - УКБ горада Віцебска. У праект будаўніцтва
унеслі невялікія карэкціроўкі, і работнікі падрадчыка ТАА
"ПліссаСтрой" хутка справіліся з заданнем. Спачатку быў уведзены сам
дом, а другой чаргой ішло адкрыццё амбулаторыі. У ёй размясціліся 4 кабінеты
участковых урачоў-тэрапеўтаў, якія будуць весці прыём пацыентаў 9 участкаў
аддзялення (у перспектыве іх стане 12). У адным з кабінетаў устаноўлены апарат
для ЭКГ, даныя ў зашыфраваным выглядзе будуць адразу ж накіроўвацца
урачу-функцыяналісту па інтэрнэце. Таксама абсталяваны працэдурны кабінет, дзе
будуць рабіць ін'екцыі, праводзіць забор крыві (сам аналіз ажыццяўляецца ўпаліклініцы або дыягнастычным цэнтры, на працягу двух гадзін вынік накіроўваецца
зваротна).
Па словах загадчыцы аддзялення Жанны Лібер, пацыенты ўжо запісваюцца на прыём як па тэлефоне, так і з дапамогай электроннай рэгістратуры. Акрамя таго, у мясцовай рэгістратуры можна атрымаць талон да ўрачоў-спецыялістаў паліклінікі №3. Кіраўніцтва ўстановы разглядае магчымасць арганізаваць у перспектыве выязныя прыёмы на базе амбулаторыі. Плануецца, што ўслед за аддзяленнем для дарослых у Білева з'явіцца своеасаблівы офіс дзіцячых урачоў. Ужо дасягнута дамоўленасць з тымі жа партнёрамі аб выкупе 4 кватэр у доме, які будуецца. Цяпер у Білева пражывае каля 9 тыс. дзяцей. "Калі насельніцтва мікрараёна дасягне 45-50 тыс., мы ўжо пабудуем тут шматпрофільны паліклінічны комплекс. Гэты аб'ект уключылі ў пералік інвестпрапаноў для прадастаўлення кітайскага крэдыту на яго пабудову з нуля. А паліклініку на Поўдзень-7 дабудоўваем за выдзеленыя сродкі па абласной інвестпраграме і падключаем зноў жа або кітайскія крэдыты, або грошы, якія зарабляем па пазабюджэтным сродках. Старшынёй аблвыканкама прынята рашэнне аб тым, што гэтыя сродкі будуць акумулявацца і накіроўвацца менавіта на аб'екты аховы здароўя, а не перакідвацца на іншыя галіны. Так што разлічваем завяршыць будаўніцтва паліклінікі на Поўдзень-7 у 2017 годзе, як і хірургічнага комплексу анкалагічнай бальніцы, бальніцы ў Мёрах. І яшчэ аб'ект у Оршы скончым за кошт сваіх рэсурсаў", - дадаў Юрый Дзеркач.
Кацярына Князева. Фота Аляксандра Хітрова. БЕЛТА.