Амбулаторыя агульнай практыкі адкрылася ў Курыне Віцебскага раёна

Больш за тысячу жыхароў 26 сельскіх населеных пунктаў змогуць атрымаць першую медыцынскую дапамогу ў Курынскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ў Віцебскім раёне.

Амбулаторыя расчыніла свае дзверы пасля рэканструкцыі, на якую сышло каля чатырох месяцаў. У ходзе капрамонту былі заменены інжынерныя сеткі, абсталяваны пандус, набыты камп'ютар і ўсталявана камера відэаназірання. Амбулаторыя аснашчана новым апаратам ЭКГ, дэфібрылятарам, наборам для ўрача агульнай практыкі.

Такі сацыяльны аб'ект на вёсцы вельмі запатрабаваны, падкрэсліла намеснік старшыні Віцебскага райвыканкама Жанна Чаркунова. У аддаленых вёсках пражываюць у асноўным пажылыя людзі, якія не заўсёды маюць магчымасць дабрацца да гарадской паліклінікі №7 абласнога цэнтра, дзе абслугоўваецца каля 20 тысяч жыхароў раёна.

Урач агульнай практыкі з Віцебска Марыя Задзіраненка і раней аказвала ў Курынскай амбулаторыі першую медыцынскую дапамогу вяскоўцам, а ў абноўленым памяшканні ёй будзе ўдвая камфортней працаваць. 

"Віцебскія весці".