Амерыканскія навукоўцы зацікавіліся працай лаўрэата прэміі Віцебскага аблвыканкама
21 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Шырокае выкарыстанне інтэлектуальных рэсурсаў маладых вучоных з'яўляецца неабходнай умовай інавацыйнага развіцця Віцебскай вобласці. Аб гэтым заявіў сёння на цырымоніі ўручэння прэміі Віцебскага аблвыканкама таленавітым маладым вучоным і спецыялістам намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У адкрытым штогадовым конкурсе прынялі ўдзел 29 работ, падрыхтаваных вучонымі з 5 ВНУ вобласці і інстытута тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі. Пераможцамі сталі 7 аўтараў і навуковых калектываў. Сярод лаўрэатаў у галіне фундаментальных даследаванняў - Наталля Паддубная, малодшы навуковы супрацоўнік інстытута тэхнічнай акустыкі. Яе праца "Уплыў дысперснасці зыходнага парашку керамікі ЦТС на рэзанансны магнітаэлектрычны эфект кампазіцыйнага матэрыялу Ni/ЦТС" з'яўляецца адной з найбольш цытуемых у сваёй галіне ў міжнародных навуковых колах, а сама Наталля атрымала запрашэнне прачытаць лекцыі ў ЗША.
Калектыў маладых аўтараў з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта стаў адным з лаўрэатаў у намінацыі "Прыкладныя даследаванні і распрацоўкі" за працу "Камплексная сістэма абароны водных аб'ектаў пры аварыях на магістральных нафтапрадуктаправодах". Гэтая праца ўжо атрымала высокую ацэнку ў ратавальнікаў пры ліквідацыі наступстваў разліву паліва ў Віцебскай вобласці.
Сярод лаўрэатаў прэміі аблвыканкама - вучоныя медыцынскага ўніверсітэта, ветэрынарнай акадэміі.
У адпаведнасці з палажэннем аб конкурсе ўсе лаўрэаты ўдастоены грашовых прэмій. На гэтыя мэты выдзелена амаль Br5 млн.-0-