Анатоль Ліневіч: любую праблему можна вырашыць, глыбока яе вывучыўшы

Любую праблему можна вырашыць, галоўнае яе з розных бакоў і глыбока вывучыць. Такое меркаванне выказаў журналістам памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч па выніках асабістага прыёму грамадзян у Докшыцкім райвыканкаме.

Па словах памочніка Прэзідэнта, падчас прыёму людзі звярталіся ў асноўным са стандартнымі пытаннямі – зямельныя спрэчкі і тэма добраўпарадкавання. "Супрацоўніцтва з народам – сістэмная і пастаянная праца. Мы не абмяжоўваемся прыёмам грамадзян, наведваем калектывы прадпрыемстваў і арганізацый, размаўляем з імі і заўсёды даступныя. Дзверы ўлады для абмеркавання праблем людзей адкрыты для ўсіх – прыходзьце і вырашайце пытанні", – адзначыў Анатоль Ліневіч.

Некаторыя агучаныя праблемы былі вырашаны адразу. Жыхарка аграгарадка Параф'янава па тэлефоне звярнулася з просьбай заасфальтаваць 300 м па вуліцы Першамайскай. У пенсіянеркі праблемы са здароўем, яна інвалід і не можа дабрацца да амбулаторыі. Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці даручыў мясцовым уладам заасфальтаваць участак вясной 2020 года. Старшыня райвыканкама Алег Пінчук паабяцаў, што ў наступным годзе пытанне вырашаць. Падчас прыёму таксама былі зняты праблемы жыхаркі Докшыц па прыватызацыі дома.

Іншыя тэмы запатрабуюць дадатковай прапрацоўкі. Жыхар Докшыц хоча пашырыць свой дом, у частцы якога знаходзіцца крама. Мясцовыя ўлады кажуць, што гэта немагчыма: на гэтай тэрыторыі праходзіць каналізацыя, якая звязана з новым мікрараёнам у горадзе. У выпадку аварыі будуць складанасці ў рамонтных працах. За свой кошт прадпрымальнік адмаўляецца вынесці гэтыя сеткі ў бок. Мясцовы жыхар таксама хоча ўзвесці глухі двухметровы плот каля дома. Але так як ён знаходзіцца ў цэнтры горада, гэта будзе неестэтычна выглядаць. Мясцовай адміністрацыі даручана сустрэцца з чалавекам яшчэ раз і знайсці прымальнае рашэнне пытанняў.

Анатоль Ліневіч звярнуў увагу на важнасць карэктных зносін чыноўнікаў з звычайнымі людзьмі. "Ім трэба быць псіхолагамі, каб размаўляць з чалавекам і чуць яго праблему. Неабходна з розных бакоў, глыбока вывучыць тэму, тады яе рашэнне можна знайсці. Чыноўніку недапушчальна груба сябе паводзіць, такія выпадкі будуць спыняцца", - дадаў памочнік Прэзідэнта.

На прыёме былі закрануты пытанні выплаты пенсій, якасці дарог, цэн на лекі. Усяго з пачатку года ў мясцовы райвыканкам паступіла больш за 100 зваротаў.

БЕЛТА. Фота з архіва БЕЛТА.