Анатоль Ліневіч: «Людзі задаволеныя вырашэннем пытанняў на ўзроўні мясцовай улады»

Жыллё, ЖКГ і дарогі. Гэтыя тэмы сталі ключавымі падчас прамой тэлефоннай лініі і асабістага прыёму грамадзян, якія правёў у Аршанскім райвыканкаме памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.

– Званка сёння паступіла ўсяго два. Гэта сведчыць аб тым, што людзі задаволены вырашэннем пытанняў на ўзроўні мясцовай улады, – адзначыў Анатоль Ліневіч. – І гэтая тэндэнцыя прасочваецца па Віцебскай вобласці ў цэлым. Што тычыцца прыёму грамадзян – звароты разнапланавыя. Гэта і ЖКГ, і дарогі, і бытавыя пытанні. Усе яны зноў жа на кантролі мясцовай улады і будуць вырашацца. Існуюць і міжасобасныя канфлікты, з якімі не ў першы раз сустракаюся. Хоць часта ёсць ужо рашэнні судоў і тым не менш людзі шукаюць справядлівасці. Такія пытанні таксама намі старанна вывучаюцца.

На прыём да памочніка Прэзідэнта ў Оршы запісаліся 6 жыхароў рэгіёну. Размова ішла пра стан дарог, адсутнасць тратуара, аварыйны стан моста праз раку Лешчы, капітальны рамонт шматкватэрнага дома, знос ліній электраперадач, аплату за электраэнергію ў інтэрнаце і інш. Па кожным з пытанняў дадзены адпаведныя даручэнні, выкананне якіх – на асабістым кантролі Анатоля Ліневіча.

"Віцебскія весці"