Анатоль Ліневіч: «Мясцовая ўлада нацэлена на стварэнне годных умоў жыцця для насельніцтва Расонскага раёна»

Вырашэнне пытанняў на карысць людзей – галоўная задача, на якую павінна быць нацэлена праца мясцовай улады. Менавіта на гэтым завастрыў увагу памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч падчас размовы з жыхарамі Расонскага раёна. Людзі мелі магчымасць звярнуцца да Анатоля Канстанцінавіча па тэлефоне або прыйсці на прыём.

Большая частка праблемных пытанняў датычылася набыцця жылля. Так, двое жыхароў аграгарадка Горбачава хацелі б прыватызаваць дамы, пабудаваныя ў свой час з выкарыстаннем льготнага крэдыту «Белаграпрамбанка». Раней яны належалі ААТ «Расонскіаграсэрвіс», якое збанкрутавала і было ліквідавана. Сёння жыллё перайшло ў веданне ЖКГ. Ні новыя гаспадары, ні мясцовая ўлада не супраць прыватызацыі, але маюцца дзве перашкоды, якія не залежаць ад іх. Віцебскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры адмаўляе ў рэгістрацыі жылых дамоў у сувязі з адсутнасцю актаў уводу аб'ектаў у эксплуатацыю. Дадзеных дакументаў няма ні ў «Белаграпрамбанку», ні ў райаграсэрвісе. Другая праблема ў тым, што крэдыт прадастаўляўся адзінай сумай на пяць дамоў, і пагашэнне праводзілася без разбіўкі на асобныя будынкі. Банк не выдае звесткі аб астатку запазычанасці паасобку па кожным доме, спасылаючыся на адсутнасць механізму адпаведных разлікаў. Анатоль Ліневіч паабяцаў дэталёва разабрацца ў гэтым пытанні, якое патрабуе вырашэння не на мясцовым узроўні, а, магчыма, нават на дзяржаўным.

Праблема іншага характару ў жыхаркі аграгарадка Дворышча, якая таксама хоча купіць жылы дом, але не згодна з ацэнкай яго кошту. Па словах пенсіянеркі, сума вельмі завышаная, ацэнка зроблена нават без агляду будынка. Памочнік Прэзідэнта даручыў яшчэ раз пералічыць кошт дома і даць вычарпальны адказ.

А вось жыхар таго ж аграгарадка, які вядзе сялянска-фермерскую гаспадарку, жадае набыць пустуючае памяшканне невялікай фермы для сваіх кароў. Прыгледзеў адно, але пытанне ўпёрся ў экалогію. Пабудова знаходзіцца ў санітарна-ахоўнай зоне. Старшыня раёна Уладзімір Быкаў, які прысутнічаў на прыёме, растлумачыў, што ў бліжэйшы час на аўкцыён будуць выстаўлены тры кароўніка, і ў фермера будзе магчымасць выбраць найбольш прыдатны.

Два звароты былі звязаны з невыплатамі за здадзенае на Полацкі малочны камбінат малако. А жыхар Лепельскага раёна спецыяльна прыехаў у Росаны, каб сустрэцца з памочнікам Прэзідэнта і паскардзіцца на фірму «АораРадиал Трейд», якая мае запазычанасць перад сваімі работнікамі. Цяпер прыватнае прадпрыемства знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі, і людзі баяцца, што з імі не разлічацца. Анатоль Ліневіч узяў гэтае пытанне на кантроль.

Пенсіянер з вёскі Янкавічы звярнуўся да памочніка Прэзідэнта ад імя ўсіх жыхароў населенага пункта з просьбай не зачыняць у іх аддзяленне пошты.

– Яно абслугоўвае і жыхароў суседніх вёсачак, якія на пошце аплачваюць камунальныя паслугі, атрымліваюць пенсію. Калі аддзяленне зачыняць, людзям трэба будзе ездзіць у Росаны, каб зняць наяўныя грошы з банкаўскіх картак. Бліжэй нідзе гэтага зрабіць нельга. А як у вёсцы без наяўных? – пытаецца мужчына.

Свой пункт гледжання выказала начальнік Полацкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі, да якога адносіцца паштовае аддзяленне ў Янкавічах, Алена Клімава. Алена Міхайлаўна гаварыла пра аптымізацыю сеткі, праблему з кадрамі. Але гэта, як адзначыў Анатоль Ліневіч, не аргумент для таго, каб пагоршыць умовы жыцця людзей. Акрамя таго, дадзеная тэма не абмяркоўвалася з мясцовай уладай, а яна на баку вяскоўцаў і не згодна з закрыццём паштовага аддзялення. Трэба гэтае пытанне вырашаць на карысць людзей.

– Відаць, што мясцовая ўлада нацэлена на стварэнне годных умоў жыцця для насельніцтва. Жыхароў любога рэгіёна, у тым ліку Расонскага, хвалююць не толькі асабістыя пытанні, але і перспектывы развіцця свайго раёна. А гэта, у першую чаргу, звязана з развіццём вытворчасцей, стварэннем працоўных месцаў. Трэба актывізаваць гэту працу. Напрамкаў тут шмат – гэта і пашырэнне сферы паслуг, у першую чаргу, турыстычных. Чысты расонскі край з багатымі ляснымі запасамі павінен прыцягваць інвестараў, – падсумаваў Анатоль Ліневіч.

"Віцебскія весці".