Анатоль Ліневіч абмеркаваў праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з калектывам Бегамльскага лясгаса

– Пагаворым пра наша будучае, – падкрэсліў у пачатку гутаркі важнасць тэмы Анатоль Ліневіч. – Неабходнасць канстытуцыйных змяненняў выклікана патрабаваннямі часу – дынамікай грамадска-палітычных і эканамічных працэсаў. Пытанне аб магчымасці карэкціроўкі Асноўнага закона Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўздымаў яшчэ ў 2016 годзе, выступаючы са зваротам перад новым складам Нацыянальнага сходу. Істотна, што пры падрыхтоўцы цяперашняга праекта ўлічваліся прапановы, выказаныя грамадзянамі ў ходзе правядзення дыялогавых пляцовак. І зараз, да вынясення пытання на рэферэндум, кожны з вас можа агучыць сваё меркаванне, накіраваць прапановы ў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі.
Анатоль Канстанцінавіч спыніўся на асноўных зменах і дапаўненнях праекта.
Эмацыйна пракаментаваў дапаўненне аб захаванні гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны:
– Маё пакаленне ведае пра генацыд ад відавочцаў – бабуль і дзядуляў, а вось унукам трэба перадаць праўду аб гэтай трагедыі. Калі назіраеш, як у некаторых краінах навязваюць меркаванне, што Другую сусветную вайну разам з Германіяй развязаў Савецкі Саюз, інакш як лухтой гэта не назавеш. Беларусь страціла кожнага трэцяга, і захаваць памяць аб продках – наш святы абавязак. І ў той жа час у праект унесена папраўка аб тым, што рэспубліка выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні да іншых дзяржаў. Палажэнне аб імкненні да нейтралітэту выключана з прапанаванай версіі Асноўнага закона.
Пры абмеркаванні артыкула аб ахове здароўя Алег Кавалёнак сказаў:

– Дзяржава траціць велізарныя сродкі на бясплатнае лячэнне людзей, асабліва гэта стала заўважна падчас пандэміі. А бо ў першую чаргу самі грамадзяне абавязаны прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя. Узяць хоць бы вакцынацыю супраць каранавіруснай інфекцыі – у нашым раёне прышчэплена палова насельніцтва, а непасрэдна ў лясгасе – усяго толькі чвэрць калектыву. У гэтым пытанні ў нас відавочнае непаразуменне. Як паказвае практыка, прышчэпка нясе толькі абарону, прышчэпленыя рэдка хварэюць і трапляюць у бальніцу.
У праекце засталіся нязменнымі і працоўныя, эканамічныя гарантыі, даступнасць адукацыі, падкрэсліў памочнік Прэзідэнта. Але асаблівая ўвага нададзена выхаванню традыцыйных сямейных каштоўнасцей (у праекце шлюб пазначаны як саюз жанчыны і мужчыны), падтрымцы дзяцей, моладзі, пажылых.

Цэлая глава абноўленай Канстытуцыі прысвечана дзейнасці Усебеларускага народнага сходу, які стане вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя.
– Гэта будзе стабілізуючая сіла паміж галінамі ўлады, – сказаў Анатоль Ліневіч. – У яго склад увойдуць 1200 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны. Сярод паўнамоцтваў сходу, у прыватнасці, прыняцце стратэгічных дакументаў, увядзенне ў выпадку неабходнасці надзвычайнага або ваеннага становішча, вырашэнне пытанняў фарміравання Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, Цэнтральнай выбарчай камісіі.
Анатоль Ліневіч заклікаў удзельнікаў сустрэчы больш дэталёва вывучыць змест праекта Канстытуцыі і абмеркаваць у сям'і, калектыве, таму што сучаснаму чалавеку неабходна ведаць Асноўны закон, па якім жыве краіна.

Галоўны ляснічы Павел Аўласевіч азнаёміў прысутных з паказчыкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Бягомльскага лясгаса. За 11 месяцаў 2021 года выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 22 870 тысяч рублёў, экспартная – 4014 тысяч долараў. Памочнік Прэзідэнта адзначыў, што гэта добры ўзровень, аднак заўсёды трэба думаць аб перспектывах – напрыклад, укараняць новыя тэхналогіі апрацоўкі драўніны.
Падчас сустрэчы работнікі лясгаса задалі Анатолю Ліневічу пытанні, якія тычацца добраўпарадкавання і развіцця гарадскога пасёлка Бягомль. Іх разгляд будзе знаходзіцца на кантролі.

Анатоль Канстанцінавіч павіншаваў усіх з навагоднімі і каляднымі святамі, пажадаў здароўя кожнаму асобна і здаровай атмасферы ў калектыве.
У Бягомльскім лясгасе працуе 439 чалавек. Сярэдняя заработная плата за 11 месяцаў 2021 года склала 1464 рублі.