Анатоль Ліневіч узяў удзел ва ўрачыстай лінейцы ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы
Новы навучальны год у Віцебскім кадэцкім вучылішчы пачаўся з урачыстага пастраення ўсяго асабовага складу вучылішча. Сярод гасцей — памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч, старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзь Сабыніч, ваенны камісар Віцебскай вобласці полкавнік Руслан Шкодзін, начальнік УУС аблвыканкама полкавнік міліцыі Міхаіл Грыб і іншыя. Яны сустрэліся з адміністрацыяй навучальнай установы, агледзелі навучальныя кабінеты, спартыўныя аб'екты, актавую залу, інтэрнат вучылішча, пагутарылі з кадэтамі. Прэзентацыя «Старонкі кадэцкага жыцця» расказала гасцям пра важныя падзеі 2018-2019 навучальнага года, пра перамогі і дасягненні кадэтаў.
Анатоль Ліневіч асабіста павіншаваў калектыў вучылішча з пачаткам новага навучальнага года. У сваім звароце да кадэтаў ён падкрэсліў, што сёння вельмі важна, каб кожны грамадзянін быў карысны сваёй Айчыне, а для гэтага трэба мець добрыя веды, жаданне расці і развівацца, займаць актыўную жыццёвую пазіцыю. У вучылішчы створаны ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб атрымаць годнае адукацыю. Для дасягнення добрага выніку ад кадэтаў спатрэбяцца толькі старанне і працавітасць. Анатоль Канстанцінавіч уручыў дырэктару вучылішча Сяргею Логвіненку сертыфікат на набыццё мультыборда.
У ходзе свята адбылося ўзнагароджанне. Ваенны камісар Віцебскай вобласці полкавнік Руслан Шкодзін уручыў шасці супрацоўнікам вучылішча юбілейныя медалі «75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» за значны ўклад у гераічна-патрыятычнае выхаванне грамадзян Беларусі, увекавечанне памяці загінулых, арганізацыю мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю вызвалення краіны, гэтай жа ўзнагароды быў удастоены віцэ-сержант узвода 11 «В» класа Філіпенка Валерый.
Кадэты Астапковіч Мікіта, Гасціловіч Уладзіслаў, Крывіцкі Мікіта, Чвайкоўскі Ягор, Лустаў Кірыл, Мінчонак Андрэй, Губскі Максім, Скабіцкі Мікалай, удзельнікі ваеннага параду ў Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня 2019
года ў Мінску, былі ўзнагароджаны нагруднымі знакамі вучылішча «За выдатныя поспехі» розных ступеняў.
Сваё баявое майстэрства перад кадэтамі прадэманстравалі вайскоўцы 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай ордэна Леніна, Чырвонасцяжнай, ордэна Кутузава II ступені брыгады імя 60-годдзя СССР. На тэрыторыі вучылішча яны разгарнулі выставу тэхнікі і зброі.
Адбылося ўскладанне вянка да памятнага знака сувораўцам, нахімаўцам, кадэтам, якія загінулі на полі бою, памерлі ад ран і хвароб і аддалі сваё жыццё за Айчыну. Мітынг памяці прайшоў ля помніка Героя Савецкага Саюза Міхаіла Фёдаравіча Сільніцкага.
Пастраенне, прысвечанае пачатку новага навучальнага года, завяршылася праходжаннем узводаў вучылішча ўрачыстым маршам.
Пасля званка, які апавясціў аб пачатку новага навучальнага года, кадэты адправіліся ў класы на першы ў гэтым навучальным годзе ўрок «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі».
Інфармацыя прадстаўлена Віцебскім кадэцкім вучылішчам.