Анатоль Ліневіч правёў прыём грамадзян у Браслаўскім раёне
Такім чынам, пенсіянерка з пасёлка Відзы хоча выкупіць дом у гаспадарцы. Некаторы час яна працавала ў дадзеным сельгаспрадпрыемстве, і яе муж ужо набываў тут адно з жылых памяшканняў. На гэты раз узнікла праблема дакументальнага плана, а таму выканаць пажаданне заяўніцы не так проста. Пакуль ёй паабяцалі больш дэталёва вывучыць сітуацыю.
Не раз звяртаецца да памочніка Прэзідэнта жыхарка аднаго з аграгарадкоў. Яна не згодна з рашэннем суда, якое ўжо набыло сілу. Пенсіянерцы паўторна растлумачылі: парушаць закон ніхто з службовых асоб дзяржавы не мае права. Судовае рашэнне можна абскардзіць толькі ў судовым парадку.
Вельмі хоча перавесці гарачае водазабеспячэнне свайго прыватнага дома на электрычную энергію пенсіянерка з Браслава. Але пакуль, як растлумачыў галоўны інжынер Браслаўскага РЭС, такой тэхнічнай магчымасці няма. На бліжэйшыя гады ў план мадэрнізацыі сістэмы электразабеспячэння вуліца Слабадская не ўключана. Тым больш, што яна цалкам газіфікавана.
А вось з праблемай мясцовага «караблябудаўніка» Анатоль Ліневіч даручыў разабрацца дэталёва. Справа ў тым, што майстраваты браслаўчанін самастойна пабудаваў для сябе лодку. Цяпер хоча атрымаць неабходныя дакументы і афіцыйна зарэгістраваць яе ў якасці маламернага судна. Каб зрабіць гэта, тлумачыць заяўнік, патрабуецца сертыфікат адпаведнасці. Гэта значыць, дакументы, якія пацвярджаюць бяспеку воднага транспарту. Па словах гаспадара, яму прапанавалі даставіць лодку ў спецыялізаваную арганізацыю за шмат кіламетраў ад дома – пад Мінск. Грамадзянін просіць высветліць: ці нельга правесці асведчанне судна на месцы, без гэтак затратнага падарожжа?
У гэты ж дзень Анатоль Ліневіч правёў прамую тэлефонную лінію. Паступіла два званкі. Пенсіянер з райцэнтра лічыць неабходным пакласці новы асфальт на адным з участкаў вуліцы Садовай. Яму патлумачылі: фінансавай магчымасці глабальна абнавіць дарожнае пакрыццё ў цяперашні час няма. Але ямачны рамонт будзе зроблены ў сціслыя тэрміны. Трохі пачакаць папрасілі яшчэ аднаго пенсіянера: ён патрабаваў хутчэйшага выдання новага тэлефоннага даведніка. Сувязісты паведамілі: зараз ідзе актыўная праца па замене нумароў, а таму не мэтазгодна марнаваць грошы на даведнік, які ўжо заўтра будзе неактуальны. Але прадастаўленне прамежкавай даведачнай інфармацыі абмяркоўваецца.