Анатоль Ліневіч правёў прыём грамадзян у Пастаўскім раёне

– Гэта сведчыць аб станоўчым выніку арганізацыі сістэмных сустрэч прадстаўнікоў розных узроўняў улады з насельніцтвам, даступнасці іх для зносін. Але жыццё ёсць жыццё, і праблемы ў людзей узнікаць будуць. Таму не згортваецца, а працягвае ўдасканальвацца праца са зваротамі грамадзян, – адзначыў Анатоль Ліневіч. – Сёння на прыём прыйшла адна жанчына, значыць, самастойна вырашыць сваёй праблемы не змагла. А разам з кіраўніцтвам раёна і камунальнай службы мы дамовіліся, што капітальны рамонт дома ў Навасёлках, аб чым клапацілася заяўніца, будзе завершаны ў поўным аб'ёме, які прадугледжваецца рэгламентам. Думаю, на такі вынік прыёму і спадзяваліся жыхары гэтага дома.
Вольны час памочнік Прэзідэнта прысвяціў больш дэталёвым знаёмствам з жыццём працоўных калектываў і насельніцтва Пастаўшчыны. У прыватнасці, удакладняў прычыну непрыемных пахаў з ачысных збудаванняў, на што яму скардзіліся жыхары райцэнтра ў прыватнай размове. Начальнік мясцовага ЖКГ Фёдар Танана, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Гатоўчык спасылаліся на санітарную службу, на малочназавод, скіды якога і з'яўляюцца прычынай непрыемных пахаў. Адбываецца гэта няхай і рэдка, але ўсё роўна прыемнага мала. Раз'ясненне па сітуацыі пазней даў дырэктар малочнага завода Канстанцін Гайлеўскі: ачысныя будаваліся ў 2010 годзе і былі разлічаны на пэўны аб'ём вытворчасці. Сёння ён значна большы. З'явіўся цэх па вытворчасці сыроў. За суткі прадпрыемства перапрацоўвае не менш за 270 тон малака. А ў гарачае надвор'е колькасць сцёкаў павялічваецца і за кошт выкарыстання большага аб'ёму вады на мыццё машын, посуду – даходзіць да 600 т у суткі. Ачысныя патрабуюць рэканструкцыі. Кошт інвестпраекта – да 10 млн руб. Завод гатовы пайсці на такія выдаткі. У жніўні праект новых ачысных будзе гатовы. А пакуль работнікі прадпрыемства ў гэтым годзе правялі рамонт абсталявання, вывезлі аселы асадак з аднаго рэзервуара сістэмы ачысных збудаванняў. І нават у спёку гэтых дзён са сваёй задачай яны спраўляюцца.
Анатоль Ліневіч пазнаёміўся з працай перадавога прадпрыемства, вядомага не толькі ў раёне, але і ў вобласці, гатовага і далей нарошчваць аб'ёмы вытворчасці прадукцыі, унік у праблемы, якія стрымліваюць гэты працэс, выслухаў практычна ўсіх кіраўнікоў службаў, каб мець поўнае ўяўленне аб стане спраў на малочназаводзе.

У кіраўніка раёна памочнік Прэзідэнта цікавіўся, ці паўплывалі санкцыі на вынікі працы мясцовых прадпрыемстваў.
– Спраўляемся, – запэўніў старшыня райвыканкама Сяргей Чапік. – З усіх прадпрыемстваў, што адгружалі сваю прадукцыю на экспарт, больш істотна іх адчулі дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы. Але ЧВУП «Пастаўскі мэблевы цэх» пераарыентавалася на пастаўку паркету ў Расію, на расійскага спажыўца зрабілі стаўку і па рэалізацыі мэблі, вытворчасць яе істотна павялічылі. Справіліся з сітуацыяй і на «Беліце»: заключылі дагавор на пастаўку сыравіны з кітайскімі пастаўшчыкамі, адпрацавалі лагістыку перавозак. Стабільна працуе прыватнае прадпрыемства «Завод Праміс». Метал для вырабу запасных частак атрымлівае з Расіі, мае збыт гатовай прадукцыі. Паставы зарэгістраваліся на сайце Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў і на пляцоўцы па уцягванні малога і сярэдняга бізнесу ў кааперацыйныя ланцужкі з буйнымі прадпрыемствамі. Цяпер інфармацыя аб мясцовых вытворчасцях і іх прадукцыі даступная не толькі ў сваёй краіне, але і ў Расіі.
Памочніка Прэзідэнта таксама цікавіў ход нарыхтоўкі кармоў. З арганізацыяй гэтага працэсу ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» Анатоль Ліневіч азнаёміўся непасрэдна ў гаспадарцы, сустрэўся з атрадам механізатараў, якія працавалі ва ўрочышчы Круткі.
Скончыўся візіт у раён сустрэчай з калектывам абласнога дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Ветразь».