Анатоль Ліневіч правёў у Лепелі прыём грамадзян і "прамую лінію"

У Лепелі памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч правёў «прамую лінію» і прыём грамадзян.

Паступіла пяць зваротаў ад жыхароў рэгіёна. Тэматыка праблем, з якімі лепельчане звярнуліся да памочніка Прэзідэнта, самая разнастайная і тычыцца паляпшэння медыцынскіх і сацыяльных паслуг, невыплаты банкрутаваным прадпрыемствам зарплаты былым работнікам, дрэнных умоў працы на жывёлагадоўчым комплексе аднаго з сельгаспрадпрыемстваў, расчысткі дарог і інш.

Не першы год жыхары вёскі Заслонава падымаюць надзённае для іх пытанне наконт нязручнага размяшчэння абсталяванай і аснашчанай амбулаторыі, якая знаходзіцца за тры кіламетры ў бок ад населенага пункта. Да яе даводзіцца дабірацца па вясковай дарозе, наракала мясцовая жыхарка, інвалід II групы і слушна прапаноўвала: чаму б не перанесьці амбулаторыю ў вёску? Але ў Заслонаве няма прыдатных памяшканняў для яе размяшчэння. Вось такая атрымліваецца дылема. Больш за тое, як адзначала суразмоўніца, амбулаторыя не аказвае паслугі фізіятэрапеўта. Ад імя жыльцоў яна прасіла дапамагчы Анатолю Канстанцінавічу ў вырашэнні гэтых пытанняў.

Лепельчанка таксама прасіла Анатоля Ліневіча паспрыяць у вырашэнні яе пытання, у прыватнасці, дапамагчы выйсьці на спецыялістаў, якія маглі б усталяваць дакладны дыягназ яе сыну – інваліду з дзяцінства па слыху і дапамагчы з лячэннем.

Лепельчанін вось ужо тры гады дамагаецца ад банкрутаванага прадпрыемства «Радыял Трэйд» выплаты зарплаты ў памеры 2,3 тыс. руб. – столькі складае доўг прадпрыемства і прасіў дапамагчы разабрацца ў гэтай заблытанай справе.

Летам мінулага года жыхарцы населенага пункта Белаазёрны, маці, якая мае дзіця-інваліда, было выдзелена ў інтэрнаце ў Лепелі сацыяльнае жылое памяшканне. Жанчына паведаміла, што ў памяшканні холадна, няма гарачай вады, даглядаць за дзіцем у такіх умовах складана. Рашэннем яе праблемы магло б стаць атрыманне кватэры, але тых, хто мае патрэбу ў чарзе на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду, складаецца 156 ільготнікаў.

Памочнік Прэзідэнта ўважліва выслухаў усіх, хто звярнуўся, паабяцаў разабрацца па кожным пытанні, а дзе неабходна, і прыняць меры.

Як адзначыў Анатоль Ліневіч, многія пытанні, з якімі звяртаюцца грамадзяне, маглі б вырашыцца на мясцовым узроўні. А некаторыя пытанні носяць сістэмны характар, да іх перыядычна звяртаюцца грамадзяне, і яны патрабуюць асаблівай увагі і дадатковых матэрыяльных затрат.

Пасля завяршэння прыёму грамадзян памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці сустрэўся з актывам раёна, наведаў некаторыя прадпрыемствы.

"Віцебскія весці"