Анатоль Ліневіч правёў у Віцебску прыём грамадзян
Хто павінен замяняць воданагравальны бак сістэмы ацяплення ў арэндным жыллі; як аформіць праваўстаноўчыя дакументы на набытыя памяшканні, калі частка будынка трапляе ў водаахоўную зону; чаму нельга абсталяваць дадатковы пешаходны пераход і за што неабгрунтавана звольнілі маладога спецыяліста. Гэтыя і іншыя пытанні прагучалі падчас прыёму, на які запісаліся заяўнікі з абласнога цэнтра, Віцебскага, Шумілінскага і Лепельскага раёнаў.
Валянціна Пракопаўна з Лепеля звярнулася з просьбай пералічыць ёй аплату паслуг за ЖКГ. Жанчына перакананая, што ў яе незаконна ўтрымліваюць грошы за вываз смецця, якога, як сцвярджае, у яе няма, бо яна ўсе адходы спальвае. Таксама пенсіянерка лічыць, што з 2012 года ёй неабгрунтавана робяць спагнанні з пенсіі.
Анатоль Ліневіч паабяцаў разабрацца ў сітуацыі, адзначыўшы, што аплата жыллёва-камунальных паслуг – абавязак кожнага ўласніка жылога памяшкання.
Калектыўны зварот адрасавалі жыхары вул. Мічурына абласнога цэнтра. Заяўнікі звярнулі ўвагу, што пасля рэканструкцыі Полацкага пуцеправода на значную адлегласць быў перанесены пешаходны пераход з вул. Мічурына да Полацкага рынку.
– Пра людзей ніхто не падумаў, – наракала адна з жанчын. – Наш раён стары, жывуць у большасці пенсіянеры, адлегласць да найбліжэйшага новага пешаходнага пераходу каля кіламетра. Вядома, многія парушаюць, пераходзяць ва ўстаноўленых месцах.
Праблема ёсць і патрабуе вывучэння кампетэнтнымі службамі, адзначыў Памочнік Прэзідэнта і даў даручэнне дэталёва разабрацца ў сітуацыі, правесці апытанне грамадскай думкі сярод усіх жыхароў.
– Для людзей трэба зрабіць зручна – рэзюмаваў інспектар.
Пытанне афармлення праваўстаноўчых дакументаў на набытае на аўкцыёне памяшканне ў г.п.Сураж падняў Дзмітрый Уладзіміравіч. Каля года таму мужчына купіў комплекс будынкаў, пазней высветлілася, што частка будынка трапляе ў водаахоўную зону, у сувязі з чым узніклі праблемы з пераафармленнем.
Жыхарка пас. Светлы Віцебскага раёна, якая пражывае па вул. Шашэйная ў арэндным жыллі, хадайнічала аб замене ў кватэры воданагравальнага бака сістэмы ацяплення, які выйшаў са строю яшчэ два гады таму.
– Жыву ў гэтым доме больш за 40 гадоў, рамонт не рабіўся вельмі даўно, дах працякае, рамы на вокнах згнілі, у пакоях сырасць, – расказала сялянка. – Калі зламаўся бак, выклікала спецыялістаў, ЖКГ, але замену так і не зрабілі.
Як растлумачыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі аблвыканкама Юрый Рагуценак, бягучы рамонт памяшкання робіцца за кошт сродкаў наймальніка арэнднага жылля, таксама ён абавязаны забяспечваць тэхнічнае абслугоўванне, рамонт унутрыкватэрнага электрычнага і газавага абсталявання. Што тычыцца самога дома, то ў наступным годзе ён уключаны ў графік капітальнага рамонту, прадугледжаны пераход на электраацяпленне.
Паднятыя праблемы будуць узяты на кантроль і вырашаны ў рамках закона, паабяцаў Анатоль Ліневіч.