Анатоль Ліневіч правёў выязны прыём грамадзян у Сенненскім райвыканкаме

Выязны прыём грамадзян, прадстаўнікоў юрыдычных асоб і тэлефонную «прамую лінію» ў Сенненскім райвыканкаме правёў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.

На прыём запісаліся восем заяўнікаў, з якіх адзін не прыехаў. Два звароты прагучалі па тэлефоне. Усе паднятыя пытанні адносяцца да кампетэнцыі мясцовых улад і службаў. На ўсе, акрамя аднаго, з нагоды якога ў райвыканкам не паступала звароту, раней даваліся адказы. Але нямала нават пры станоўчым выніку людзі хочуць ведаць, што думаюць па хвалюючых іх тэмах прадстаўнікі больш высокіх інстанцый, асабліва калі ёсць такая магчымасць.

Памочнік Прэзідэнта ўсіх выслухаў, даручыў раённым службам яшчэ раз прааналізаваць тую ці іншую праблему з пункту гледжання заканадаўства і магчымасці паспрыяць яе вырашэнню. Два тыдні дадзена для абследавання дома жыхаркі аграгарадка Багданава і ўстаранення працёку ў каналізацыйнай трубе. У бліжэйшы час варта высветліць, чаму «міргае» электрычнасць у доме пенсіянеркі з аграгарадка Янава і наколькі гучна паводзяць сябе яе суседзі. Пры наяўнасці падстаў – дапамагчы выправіць сітуацыю.

Для ўзважанага разгляду пытання з падключэннем трохфазнага лічыльніка ў доме сям'і з Аршанскага раёна, каб можна было ўсталяваць канвектары і воданагравальнік, Анатоль Канстанцінавіч папрасіў спачатку прадаставіць разлікі па кошце работ, звязаных з магчымай заменай электралініі. Сужэнцаў з Сянна цікавіць магчымасць пераносу высокавольтнай лініі, якая, на іх думку, перашкаджае развіваць падсобную гаспадарку. Хоць згодна з заключэннем спецыялістаў яна ўстаноўлена па правілах, трэба дадатковае абследаванне сітуацыі на месцы.

Абавязаны выплаціць – такі вердыкт інспектара па Віцебскай вобласці адносна скаргі былога работніка замежнага прыватнага унітарнага сельскагаспадарчага вытворча-гандлёвага прадпрыемства «Штотц Агра-сэрвіс Міцькаўшчына» Аршанскага раёна на запазычанасць гаспадаркі па зарплаце. Пракантралююць выкананне аршанскія інспектары па працы і заработнай плаце. На кантроль пастаўлена таксама пытанне выплаты грашовых сродкаў па графіку ўдаве загінулага работніка сенненскага прадпрыемства.

Анатоль Канстанцінавіч пракансультаваў сенненскую жыхарку, зацікаўленую ў адчужэнні кватэры, выслухаўшы прапановы па гэтым пытанні адпаведных мясцовых службаў.

Памочнік Прэзідэнта звярнуў увагу кіраўніцтва Сенненшчыны на шэраг актуальных тэм: прафілактыку суіцыдаў, дзейнасць саветаў АПОП, а таксама развіццё турызму, у прыватнасці аграэкасядзіб. Даручэнне – падрыхтаваць раённую праграму развіцця турызму.

– Часам у пошуках адказу на тое ці іншае пытанне ўзнікаюць спрэчкі, і трэба дапамагчы ў гэтым разабрацца, даць ацэнку дзеянням мясцовай улады і заяўнікаў, – адзначыў, падводзячы вынікі прыёму, Анатоль Ліневіч. – Думаю, што многія з агучаных сёння пытанняў будуць хутка зняты з парадку дня, а доўгатэрміновыя, якія патрабуюць прадметнага вывучэння, пакуль застаюцца на кантролі.

"Віцебскія весці". Фота з архіва БелТА.