Анатоль Ліневіч сустрэўся з калектывам ФК «Віцебск»

Анатоль Ліневіч, звяртаючыся да гульцоў і трэнераў, выказаў шкадаванне, што каманда апынулася ўнізе турнірнай табліцы.
– Палічыў патрэбным падтрымаць вас маральна, – сказаў ён. - Радуе, што вярнуўся галоўны трэнер Сяргей Ясінскі, пад яго кіраўніцтвам каманда мела поспехі. Будзем спадзявацца, што сённяшні дзень стане штуршком да сур'ёзных вынікаў клуба.
– Узровень футбалістаў дазваляе змагацца за больш высокія месцы, – адзначыў дырэктар ФК «Віцебск» Мікалай Вайтюхоўскі. – Дапушчаны некаторыя памылкі ў той момант галоўным трэнерам Яўгенам Чарнухіным і мною ў кіраванні камандай.
– Няма нічога недасяжнага, – падкрэсліў Анатоль Ліневіч. – Я не прафесіянал у футболе, але разумею, што калі калектыву выразна паставіць задачу, яе можна дасягнуць. А для таго, каб вынік атрымаць, трэба старанна працаваць. Вядома, у любой справе бываюць тактычныя, тэхналагічныя збоі. Але тут ёсць прафесіяналы, якія могуць забяспечыць вынік.

А тэмай Адзінага дня інфармавання стала рэалізацыя жыллёвай палітыкі ў Беларусі. Пра гэта прысутным расказала начальнік упраўлення будаўніцтва гарвыканкама Марына Арэшчанка. У прыватнасці, яна падрабязна спынілася на варыянтах паляпшэння жыллёвых умоў, пракансультавала па пытаннях арэнднага жылля, будаўніцтва з дзяржпадтрымкай, банкаўскага жыллёвага крэдытавання, паведаміла, у якіх мікрараёнах Віцебска будуць будавацца дамы з такімі кватэрамі.



Капітан каманды Арцём Скітоў пацікавіўся ўмовамі і магчымасцямі атрымання зямельнага ўчастка пад будаўніцтва індывідуальнага дома.
– Інфармацыя аб адпаведных участках размяшчаецца на сайце гарвыканкама, – паспеў адказ. – Асноўныя варыянты ў Арэхава і Біцялёва. Маеце права атрымаць зямельны ўчастак па сваім выбары.