Анатоль Лукашоў зноў узначаліў Дубровенскі райвыканкам
Прадстаўляючы яго на сесіі райсавета, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі адзначыў, што згодна з заканадаўствам пасля заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дэпутату вышэйшага заканадаўчага органа прадастаўляецца ранейшая пасада. Вопыт і навыкі Алега Лындындзіна, які да гэтага ўзначальваў рэгіён і зарэкамендаваў сябе адказным кіраўніком, у бліжэйшы час будуць запатрабаваны на іншай працы.
Анатоль Лукашоў нарадзіўся ў 1960 годзе ў Бранскай вобласці Расіі. Працоўную дзейнасць пачаў на радзіме ў 1982-м пасля заканчэння Віцебскага ветінстытута. У 1990-м пераехаў на Дубровеншчыну, дзе працаваў на розных пасадах і з 2005-га па 2016-ы ўзначальваў рэгіён. Дарэчы, на працягу некалькіх гадоў Анатоль Лукашоў працаваў у адной звязцы з Алегам Лындындзінам, які пяць гадоў з'яўляўся першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Аб плённасці сумеснай дзейнасці сведчыць такі факт: у 2015-м рэгіён атрымаў рэкордны для сябе ўраджай – тады было намалочана 102 тыс. т збожжавых і зернебабовых культур пры ўраджайнасці 43,2 ц/га.
У выступленні перад дэпутатамі райсавета і актывам рэгіёна Анатоль Лукашоў расставіў акцэнты ў маючай адбыцца дзейнасці: кадры і годная зарплата. Перш за ўсё, асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца сельскай гаспадарцы як лакаматыву эканомікі рэгіёна. Павышэнне прыростаў і надояў у жывёлагадоўлі абавязкова адзавецца на дабрабыце людзей. Дубровеншчына – лідар у краіне па вытворчасці лёну, але калі аб'ёмныя паказчыкі выконваюцца, то якасць прадукцыі пакуль пакідае жадаць лепшага. Будзе працягнута далейшае развіццё сацыяльнай сферы, ЖКГ, малога і сярэдняга бізнесу.
Уручаючы Анатолю Лукашову службовае пасведчанне, першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч назваў дзве лічбы, ад якіх трэба адштурхоўвацца новаму старому кіраўніку. У 2015-2019 гадах эканамічна актыўнае насельніцтва Дубровеншчыны знізілася на 500 чалавек, датацыйнасць рэгіёну цяпер складае 40%. Адпаведна, неабходна павялічваць колькасць задзейнічаных у эканоміцы і даходнасць бюджэту. Трэба пашыраць экспартную базу і арыентавацца не толькі на Расію. Дубровенскі раён як памежны мае інвестыцыйную прывабнасць. Алег Мацкевіч пажадаў Анатолю Лукашову паспяховай працы ў добра знаёмым калектыве, а Алегу Лындзіну ўручыў Ганаровую грамату аблвыканкама.
Райсавет і актыў рэгіёну цёпла правялі Алега Лындзіна. Мясцоваму ўраджэнцу, які прапрацаваў тут на розных пасадах 32 гады, прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Дубровенскага раёна». У адказным слове Алег Лындзін сказаў, што гэтая падзея назаўжды застанецца ў яго памяці як самая хвалюючая і важная. Ён выказаў удзячнасць усім, хто з ім працаваў. Не ўсё з задуманага ўдалося рэалізаваць, таму новаму старшыні райвыканкама трэба разам з камандай аднадумцаў завяршаць пачатае і развіваць перспектыўныя напрамкі. Добрай дапамогай у вырашэнні многіх пытанняў стала правядзенне ў Дубровне ў 2017 годзе абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Было нямала зроблена ў плане добраўпарадкавання, удасканалення матэрыяльнай базы аб'ектаў сацыяльнай сферы, ЖКГ, дарожнай гаспадаркі, за што асобная падзяка кіраўніцтву вобласці. Сёння Дубровне адзін з найпрыгажэйшых райцэнтраў Віцебшчыны. Алег Лындзін пажадаў малой радзіме далейшага развіцця і росквіту.