Андрэй Зыгмантовіч сёння будзе прадстаўлены заўзятарам у якасці старэйшага трэнера "Віцебска".
26 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Вядомы беларускі спецыяліст Андрэй Зыгмантовіч сёння будзе прадстаўлены заўзятарам ФК "Віцебск" у якасці старэйшага трэнера каманды, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар клуба Дзяніс Голубеў.
Прадстаўленне адбудзецца на традыцыйнай перадсезоннай сустрэчы з прыхільнікамі віцебскага футбола, якая ўпершыню пройдзе ў пашыраным фармаце. Кіраўніцтва і трэнерскі штаб "Віцебска" правядуць прэзентацыю навічкоў каманды, якія папоўнілі рады "Віцебска" ў міжкамандны перыяд. Сярод іх вядомы беларускі паўабаронца Віктар Сокал, які перайшоў са шведскага "Энчапінга". Галоўны трэнер Аляксандр Хацкевіч падвядзе вынікі працы ў міжкамандны перыяд, дасць ацэнку патэнцыялу каманды. Дырэктар клуба Аляксандр Царах раскажа пра асаблівасці падрыхтоўкі каманды да чарговага сезона, пра развіццё клубнай інфраструктуры і паставіць задачу на сезон. Акрамя таго, перад заўзятарамі выступяць прадстаўнікі адміністрацыі Цэнтральнага спартыўнага комплексу, які з'яўляецца базай каманды, і супрацоўнікі абласнога УУС. Заўзятарам будзе прадастаўлена магчымасць задаць пытанні і атрымаць аўтографы.
Падобны фармат зносін з прыхільнікамі футбола "Віцебск" плануе зрабіць пастаянным, адзначыў прэс-сакратар клуба.
Майстар спорту міжнароднага класа Андрэй Зыгмантовіч выступаў у 1980-х гадах у чэмпіянаце СССР за "Дынама" (Мінск), у складзе якога стаў чэмпіёнам СССР у 1982 годзе. Прызнаваўся найлепшым футбалістам Беларусі ў 1992 і 1994 гадах, неаднаразова прыцягваўся ў зборную СССР і алімпійскую зборную Савецкага Саюза. Удзельнік чэмпіянату свету 1990 года. Гульнявую кар'еру завяршыў у іспанскім "Расінгу". З 2000 года на трэнерскай працы. Да прыходу ў ФК "Віцебск" быў галоўным трэнерам літоўскага клуба "Каўнас". -0-