Антынаркатычныя атрады і спецыяльную канстытуцыю плануецца стварыць ва ўстановах адукацыі Віцебшчыны
З такой прапановай выступіў старшы памочнік пракурора вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Антон Волкаў падчас «круглага стала» па пытаннях прафілактыкі наркаманіі сярод моладзі ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійнай адукацыі, які адбыўся ў аблвыканкаме.
Мяркуецца, што антынаркатычныя атрады будуць працаваць у цесным кантакце з БРСМ, органамі ўнутраных спраў. Дзейнасць маладзёжных атрадаў прадугледжвае і рэйдавыя мерапрыемствы па выяўленні фактаў ужывання псіхаактыўных рэчываў, прапаганду здаровага ладу жыцця сярод аднагодкаў.
У мэтах прафілактыкі, павышэння прававой пісьменнасці як педагогаў, так і навучэнцаў Антон Віктаравіч заклікаў да стварэння своеасаблівай канстытуцыі – тэматычнага зборніка, у якім будуць прапісаны меры і тлумачэнні адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, прыведзены прыватныя прыклады злачынстваў і вынесеныя рашэнні суда, негатыўны ўплыў ужывання наркотыкаў на арганізм, дысцыплінарная адказнасць, прадугледжаная ў саміх установах адукацыі. Курыраваць праект будзе пракуратура, але падключыць да стварэння зборніка плануюць і іншыя зацікаўленыя службы – УУС, ахову здароўя, адукацыю. Сабраная ў адзіным дакуменце інфармацыя прызначана для распаўсюджвання і адкрытага доступу ў школах, ліцэях, ВНУ.
Акрамя таго, цяпер прапрацоўваецца пытанне аб узгацненні адказнасці бацькоў за ўжыванне іх дзецьмі наркотыкаў. Па словах старэйшага інспектара па асаблівых даручэннях упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама Дзмітрыя Новікава, вопыт працы з непаўналетнімі, якія знаходзяцца на ўліку, паказвае, што ў большасці выпадкаў аўтарытэт бацькоў у падлеткаў страчаны, таму што дарослыя надаюць мала ўвагі зносінам з дзецьмі. Праект змяненняў у нарматыўна-прававыя акты таксама прадугледжвае забарону на ўжыванне непаўналетнімі наркотыкаў і алкаголю не толькі ў грамадскіх месцах.
Калі сям'я – першае звяно ў барацьбе з гэтым злом, то ўстанова адукацыі, дзе вучыцца дзіця, займае другое месца. Хоць у Прыдзвінне ўжо наладжана пэўная сістэма ўзаемадзеяння паміж педагогамі, праваахоўнікамі, медыкамі, усё ж праблема патрабуе пошуку новых падыходаў.
У цэлым, паводле даных Віцебскага абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, у 2014 годзе ў рэгіёне захворванне на наркаманію вырасла ў параўнанні з 2013-м на 28,3%, узята на ўлік 92 чалавекі, прычым рост адбыўся за кошт ужывання сінтэтычных сумесяў, або так званых спайсаў. З 93 зарэгістраваных фактаў паступлення ў медустановы вобласці з перадазіроўкай наркотыкамі дзяцей і дарослых у 51 выпадку прычынай экстранай шпіталізацыі сталі спайсы. З 100 тысяч дзіцячага насельніцтва 32 дзіцяці ўжываюць псіхаактыўныя рэчывы, павялічылася спажыванне сярод навучэнцаў школ, ПТВ. І гэта толькі афіцыйная статыстыка, як правіла, рэальныя лічбы перавышаюць яе ў 10-15 разоў.
Наталля Рыжкова, "Віцебскія весці"