Антынаркатычны моладзевы атрад з'явіцца ў Віцебскай вобласці

У Віцебскай вобласці з'явіцца антынаркатычны моладзевы атрад аховы правапарадку, паведаміў другі сакратар абкама БРСМ Дзмітрый Туранок.

Ва УУС Віцебскага аблвыканкама 7 лютага пройдзе ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню моладзевых атрадаў аховы правапарадку (МАОП). Асноўнай падзеяй стане адкрыты дыялог "Новыя сферы дзейнасці МАОП: развіццё і перспектывы", на якім будзе дадзены старт працы першага ў рэгіёне антынаркатычнага атрада. "Ён сфарміраваны з ліку членаў МАОП устаноў адукацыі Віцебска і будзе займацца агітацыйнай працай, у тым ліку ў сацыяльных сетках, па прадухіленні распаўсюджвання наркаманіі і ўжывання курыльных сумесяў, якія змяшчаюць наркатычныя рэчывы", - растлумачыў Дзмітрый Туранок.

Таксама на ўрачыстым сходзе будуць узнагароджаны лепшыя маладыя памочнікі міліцыі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў і МНС, пераможцы штогадовага абласнога конкурсу на лепшы МАОП і лепшы штаб МАОП. Цяпер у Віцебскай вобласці дзейнічае 146 атрадаў, якія налічваюць больш за 2,2 тыс. чалавек. Сумесна з супрацоўнікамі праваахоўных органаў і ратавальнікамі яны забяспечваюць грамадскі парадак, займаюцца прафілактычнай працай па бяспецы жыццядзейнасці і ўласнымі праектамі.

Прафесійнае свята для ўдзельнікаў МАОП заснавана БРСМ у 2012 годзе і адзначаецца штогод 6 лютага. Традыцыйна ў першы тыдзень лютага па ўсёй краіне праходзяць прэзентацыі дзейнасці моладзевых атрадаў аховы правапарадку, урачыстыя мерапрыемствы і ўшанаванні лепшых актывістаў руху.

Кацярына Князева - БЕЛТА.