Антысептык пачалі вырабляць у Сенненскім раёне
Дэзінфікуючы сродак для апрацоўкі рук пачалі вырабляць на Богушэўскім спіртзаводзе ААТ "Віцебскі лікёра-гарэлачны завод "Прыдзвінне", паведаміў дырэктар спіртзавода Віктар Грэчыха.
Да пандэміі ў цэху спіртзавода планавалі стварыць вытворчасць шклоачышчальнай вадкасці і дэнатураванага спірту, але каранавірус унёс карэктывы. Аператыўна тут наладзілі выраб дэзсродка, яго аснову складае 70%-ны спірт. Прадпрыемства набыло тэхнічныя ўмовы разам з рэцэптурай у калег з Гродна, былі атрыманы неабходныя дазволы ад Мінздароўя. За гэты час завод паспеў выпусціць 2,5 тыс. бутэлек, у дзень разліваюць больш за 800.
"Пакуль магутнасці прыстасаваны да разліву антысептыку ў шасцілітровыя ёмістасці. У бліжэйшы час плануем пачаць разліваць сродак у бутэлькі аб'ёмам 0,5 і 1 л", - адзначыў Віктар Грэчыха.
Рабочыя з заўтрашняга дня будуць працаваць у дзве змены, але пры неабходнасці арганізуюць працу і ў тры з устаноўкай дадатковага абсталявання. Прадукцыя адгружаецца для прадпрыемстваў "Фармацыі" ўсіх абласцей.