Апостальскі Нунцый у Беларусі наведаў з азнаямленчым візітам Віцебшчыну

З азнаямленчым трохдзённым візітам Віцебшчыну наведаў Апостальскі Нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Габар Пінтар. Учора з госцем сустрэўся намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін. У сустрэчы прымалі ўдзел начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкама Міхаіл Даніленка, біскуп Віцебскай каталіцкай епархіі Алег Буткевіч.

Вітаючы кіраўніка дыпмісіі Святога Прастола, Уладзімір Пянін адзначыў пазітыўны досвед супрацоўніцтва абласной улады і рыма-каталіцкага касцёла ў сферы маральнага ўдасканалення грамадства, дабрачыннасці і іншых важных для абодвух бакоў напрамках. Адным са сведчанняў гэтага з'яўляецца высокая дзяржаўная ацэнка дзейнасці некалькіх каталіцкіх святароў, якія служаць у нашай вобласці. Адказаўшы на пытанні госця аб прыродных і дэмаграфічных асаблівасцях Віцебшчыны, Уладзімір Пятровіч выказаў упэўненасць у далейшым супрацоўніцтве на карысць яе насельніцтва.

Падчас гутаркі Габар Пінтар падкрэсліў, што мэта яго візіту – бліжэй азнаёміцца з паўночным рэгіёнам Беларусі, спрыяць на яго тэрыторыі дыялогу паміж мясцовай уладай і каталіцкай канфесіяй, паміж каталіцкай і праваслаўнай епархіямі. Пабываўшы на святкаванні ў Шуміліне 100-годдзя абвяшчэння Маці Божай Фацімскай, Апостальскі Нунцый выказаў захапленне ходам адраджэння касцёла на віцебскіх землях. Падзякаваў за гасціннасць і паведаміў, што 19 жніўня плануе наведаць чарговае святкаванне Дня Маці Божай Каралевы Азёр у Браславе.

Біскуп Алег Буткевіч, кажучы аб канструктыўным супрацоўніцтве са свецкай уладай вобласці, асабліва вылучыў рэканструкцыю матэрыяльнай спадчыны касцёла ў межах каталіцкай дыяцэзіі. Сёння ў кожным райцэнтры Віцебшчыны ёсць храмы або капліцы, каталіцкія парафіі.

Пасля сустрэчы ў аблвыканкаме Габар Пінтар пабываў у Віцебскай праваслаўнай епархіі.

Галіна Шпакоўская - "Віцебскія весці". Фота Алега Клімовіча - "Віцьбічы".