Апрабацыя новай лініі дзіцячага харчавання прайшла ў ААТ «Віцебскі плодаагароднінны камбінат»
Цяжка паверыць, што яшчэ пяцігодку таму гэта прадпрыемства лічылася стратным. Цяпер рэнтабельнасць яго продажаў складае 21 працэнт, і гэта, на думку кіраўніцтва, не мяжа. За 10 месяцаў адкрытае акцыянернае таварыства вырабіла прадукцыі на суму парадку 40 мільярдаў рублёў, рэалізуючы яе як на айчынным рынку, так і ў Туркменістане, Расіі, Украіне, Казахстане, Славакіі. Экспартныя пастаўкі на 300 тысяч долараў ЗША – нядрэнная падтрымка для камбіната, зацікаўленага ў валюце для аплаты імпартнага энергазберагальнага абсталявання.
Хутка яно паступіць сюды з Еўропы. Па выніках тэндэру вызначана італьянскае прадпрыемства – яго вытворца і пастаўшчык. Новае абсталяванне дазволіць у 2013 годзе асвоіць выпуск тэрмастабільнай начынкі для прадпрыемстваў кандытарскай галіны. Яе ў нашай рэспубліцы не вырабляюць нідзе. Дарэчы, гэта імпартазамяшчальная, інавацыйная прадукцыя з высокай дабаўленай вартасцю. Для рэалізацыі дадзенага праекта спатрэбіцца 800 тысяч еўра. У будучым годзе на камбінаце плануюць пачаць і выпуск дзіцячых чаёў – настояў фенхеля, рамонкі, кропу і іншых карысных малым траў.
Але самы важны праект коштам 6 мільяррдаў рублёў, 4 з якіх ужо асвоены, стане знакавай падзеяй будучага года не толькі для ААТ «Віцебскі плодаагароднінны камбінат», але, мабыць, для ўсяго канцэрна «Белдзяржхарчпрам». Гаворка ідзе аб вытворчасці прадукцыі, дэфіцыт якой усё яшчэ адчувальны на айчынным рынку, – працёртых агароднінна-мясных і агароднінна-рыбных кансерваў для дзяцей. Гэта стане магчымым дзякуючы тэхнічнаму дааснашчэнню рэканструяванага цэха дзіцячага харчавання.
– Камбінат выпускае звыш 100 найменняў кансерваў, уключаючы дзіцячыя. Мы робім стаўку на вытворчасць для малых пюрэ і сокаў са зніжаным утрыманнем цукру або зусім без яго дадання. Навінкамі сёлетняга года былі такія віды прафілактычных кансерваў, як пюрэ з морквы і каляровай капусты з грэцкай мукой, вяршкамі, узбагачанае магніем, а таксама пюрэ з морквы і каляровай капусты з аўсянай мукой, вяршкамі, цукрам. Пюрэ з чорнай парэчкі і яблыкаў з грэцкай мукой, вяршкамі і цукрам, узбагачаныя магніем. За 10 месяцаў выраблена 17 туб такой прадукцыі, – распавядае дырэктар прадпрыемства Расціслаў Гошка. – Дзіцячае харчаванне, да выпуску якога на новай лініі мы зараз рыхтуемся, з'яўляецца інавацыйным прадуктам, які мае экспартаарыентаваны і імпартазамяшчальны характар. Пяць доследных партый працёртых агароднінна-мясных і агароднінна-рыбных кансерваў для дзяцей ужо выраблена. Праведзены выпрабаванні. Прадукт адобраны Цэнтральнай дэгустацыйнай камісіяй па ацэнцы якасці кансерваванай прадукцыі. Паступова на працягу трох гадоў будзем нарошчваць аб'ёмы выпуску ад 150 тон у 2013 годзе і больш. У цэлым да канца пяцігодкі плануем вырабіць 1700 тон такіх кансерваў для дзіцячага харчавання.
Сокі, агароднінныя і фруктовыя пюрэ з гандлёвымі знакамі «Ноўка» і «Дзетка» любяць малыя Беларусі. У будучым годзе гэтыя пазнавальныя лагатыпы Віцебскага плодаагародніннага камбіната з'явяцца і на баночках з мяснымі і рыбнымі кансервамі.
Кацярына АНЕЧКІНА.
«ВР»