Аптэкі «Белфармацыі» ў Віцебскай вобласці з 1 лістапада падаўжаюць рэжым працы на гадзіну
1 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці аптэкі РУП "Белфармацыя" з 1 лістапада павялічваюць рэжым працы на гадзіну, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара Віцебскага РУП "Фармацыя" Таццяна Барай.
З сённяшняга дня ўсе аптэкі "Белфармацыі" рэгіёна падаўжаюць свой рэжым працы да 22.00. Аптэкі, размешчаныя ў бальніцах і паліклініках, цяпер функцыянуюць у адпаведнасці з рэжымам працы медустаноў. Прапановы павялічыць працоўны дзень накіраваны таксама ў аптэкі раённых цэнтраў вобласці. Акрамя таго, кругласутачна неабходныя лекі можна набыць у аптэках №127 у Віцебску, №77 у Полацку, №158 у Наваполацку і №26 у Оршы.
Рашэнне аб падаўжэнні рэжыму працы аптэк прынята ў працэсе падрыхтоўкі да маючага адбыцца эпідэміялагічнага сезона. Да звычайнага графіка працы аптэкі вернуцца пасля сезоннага спаду захворвання.
Таццяна Барай адзначыла, што найбольш запатрабаваныя супрацьвірусныя прэпараты, імунамадулюючыя сродкі, медыцынскія маскі, а таксама іншыя лекі маюцца ў сетцы аптэк "Белфармацыі" ў дастатковай колькасці. Попыт на іх захоўваецца спакойным. Маніторынг наяўнасці лекавых сродкаў ажыццяўляецца штотыдзень.
Як паведамілі ў Віцебскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, эпідэміялагічная сітуацыя ў Віцебскай вобласці ў цяперашні час характарызуецца як стабільная і кантраляваная. Узровень захворвання на ОРВІ і грып за верасень-кастрычнік адзначаецца ніжэй за аналагічны ўзровень мінулага года. Па стане на 1 лістапада прафілактычнымі прышчэпкамі супраць грыпу ахоплена больш за 22% насельніцтва рэгіёну.-0-