Армейская моладзь Беларусі і Расіі сустрэнецца на фестывалі дружбы ў Віцебскай вобласці
19 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. IX Фестываль дружбы армейскай моладзі паветрана-дэсантных войскаў Беларусі і Расіі пройдзе 22-24 кастрычніка ў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашко.
У трохдзённым мерапрыемстве прымуць удзел больш за сто маладых дэсантнікаў 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады УС Беларусі (Віцебск) і 76-й гвардзейскай Чарнігаўскай дэсантна-штурмавой дывізіі УС Расіі (Пскоўская вобласць). Пры гэтым кожны дзень будзе дарыць ім новыя ўражанні ад сустрэч з рознымі гарадамі Віцебшчыны: армейскую моладзь чакаюць Полацк, Лепель, Бешанковічы і Віцебск.
Праграма ўключае знаёмства з музеямі, памятнымі мясцінамі і славутасцямі гарадоў, сустрэчы з навучэнцамі ваенна-патрыятычных класаў і ветэранамі, урокі мужнасці, мітынгі ля месцаў баявой славы і помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. У Лепелі і Бешанковічах дэсантнікі прадэманструюць сваё майстэрства ў паказальных выступленнях і прымуць удзел у спаборніцтвах з мясцовай дапрызыўнай моладдзю, а вечарамі правядуць самадзейныя армейскія канцэрты.
Фестываль праводзіцца ў мэтах ваенна-патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення, увекавечання памяці воінаў, якія загінулі пры абароне Айчыны, умацавання дружбы паміж моладдзю Беларусі і Расіі, а таксама для павышэння прэстыжу воінскай службы.
Арганізатарамі фестывалю выступаюць аддзел па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, Дзяржаўны камітэт Пскоўскай вобласці па моладзевай палітыцы і спорце, 103-я гвардзейская асобная мабільная брыгада УС РБ (Віцебск), 76-я гвардзейская Чарнігаўская дэсантна-штурмавая дывізія УС РФ, Лепельскі і Бешанковіцкі райвыканкамы.-0-