Армейскую спрытнасць прадэманструюць удзельнікі Віцебскай абласной ваенна-спартыўнай гульні "Зарніца"
19 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Армейскую спрытнасць трэба будзе прадэманстраваць удзельнікам IX Віцебскай абласной ваенна-спартыўнай гульні "Зарніца". Мерапрыемства, арганізаванае на базе Віцебскага аэраклуба імя А.К.Гаравца, будзе праходзіць 21-22 мая. Яго ўдзельнікамі стануць 25 каманд з усіх рэгіёнаў вобласці, якія перамаглі ў гарадскіх і раённых спаборніцтвах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным камітэце БРСМ.
На два дні хлопцам трэба будзе акунуцца ў сапраўднае армейскае жыццё. Іх чакаюць праходжанне паласы перашкод, конкурсы на лепшы баявы лісток "Зарнічныя будні", строя і песні, марш-кідок. Таксама ўдзельнікі прадэманструюць свой творчы патэнцыял, навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі, а ў ходзе віктарыны "Старонкі гісторыі Айчыны" - веданне гісторыі Беларусі ў цэлым і перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў прыватнасці.
Узнагароджанне пераможцаў спаборніцтваў адбудзецца 22 мая.
Гульня праводзіцца з мэтай папулярызацыі ваеннай службы, прафілактыкі правапарушэнняў у моладзевым асяроддзі. Яе арганізатарамі з'яўляюцца абласны камітэт БРСМ, Віцебскі аблвыканкам, ДТСААФ, Віцебскі абласны вучэбна-метадычны цэнтр фізічнага выхавання насельніцтва і Віцебскі аэраклуб ім. А.К.Гаравца.-0-