З жыхара Віцебска канфіскаваны арсенал зброі і боепрыпасаў
18 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Нелегальны арсенал зброі і боепрыпасаў выявілі супрацоўнікі УКДБ па Віцебскай вобласці ў жыхара абласнога цэнтра, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-групе абласнога ўпраўлення.
Усяго ў кватэры і на дачным участку ў 27-гадовага жыхара Віцебска было выяўлена і канфіскавана больш за тысячу патронаў рознага калібру, шэсць гранат, каля 3 л дымнага пораху, 15 дэтанатар, пісталет-кулямёт сістэмы Шпагіна, гладкаствольная паляўнічая стрэльба і дзве адзінкі наразной зброі сістэм "М-98" і Масіна. Акрамя таго, былі канфіскаваныя асобныя часткі і механізмы да агнястрэльнай зброі - затворы, ударна-спускавыя механізмы, магазіны і ствалы. Цяпер увесь арсенал накіраваны на экспертызу, па выніках якой будзе прынята рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы. Паходжанне арсенала і мэты яго захоўвання будуць усталёўвацца ў ходзе следства.
Максімальнае пакаранне, прадугледжанае Крымінальным кодэксам Беларусі за незаконны абарот зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, складае 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, нагадалі ў прэс-групе УКДБ. Для добраахвотнай выдачы забароненых да абароту прадметаў можна звярнуцца ў УКДБ па Віцебскай вобласці. Асобы, якія добраахвотна здалі зброю, боепрыпасы і выбуховыя рэчывы, вызваляюцца ад крымінальнай адказнасці.-0-