Арсенал верталётных кулямётаў і гармат канфіскавалі ваенныя контрразведчыкі ў Пастаўскім раёне

28 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арсенал авіяцыйных кулямётаў і авіяцыйных гармат канфіскавалі супрацоўнікі КДБ у жыхара Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-групе ўпраўлення ваеннай контрразведкі КДБ Беларусі. На прысядзібным участку жыхара адной з вёсак Пастаўскага раёна супрацоўнікі ўпраўлення ваеннай контрразведкі КДБ выявілі восем авіяцыйных кулямётаў ЯкБ-12,7 і дзве авіяцыйныя гарматы ГШ 2/30, якія з'яўляюцца узбраеннем баявых верталётаў Мі-24 і Мі-24П. Жыхар вёскі Родзі растлумачыў, што зброю ён знайшоў паблізу былога ваеннага аэрадрома, на якім базавалася верталётная воінская часць, выведзеная ў Расію ў пачатку 1990-х гадоў. Як высветлілася, мужчына ведаў, што знойдзеныя ім прадметы з'яўляюцца зброяй, аднак паведаміць аб сваёй знаходцы ў праваахоўныя органы не спяшаўся. Прававая ацэнка дзеянням грамадзяніна будзе дадзена пасля правядзення экспертызы. Калі спецыялісты ўсталююць, што зброя прыдатная для стральбы, няўдачлівага шукальніка чакае крымінальная адказнасць. Ва ўпраўленні ваеннай контрразведкі заклікаюць грамадзян адмовіцца ад любых незаконных дзеянняў у дачыненні да зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў. У выпадку добраахвотнай здачы ўладам гэтых прадметаў, грамадзянін вызваляецца ад крымінальнай адказнасці за незаконныя дзеянні з імі. -0-