Арт-праект нямога кіно стартуе ў Віцебску

Арт-проект немого кино стартует в Витебске

Незвычайны арт-праект "Кінапалёт", які ўяўляе сабой сінтэз нямога кіно і эксперыментальнай музыкі, стартуе ў Віцебску, паведаміў навуковы супрацоўнік музея "Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва" Уладзімір Булаўскі.

Арт-праект, мерапрыемствы якога пройдуць з 21 лістапада па 19 снежня, арыентаваны на зацікаўленую публіку - кінаманаў, аматараў сучаснага мастацтва. А таксама на тых, каму цікава даведацца больш пра ранні айчынны і сусветны кінематограф.

У праграме прымуць удзел выканаўцы, якія агучылі першыя беларускія нямыя фільмы па праекце "Тузін.Немаўля": "Re1ikt", Сяргей Пукст, "Tonqixod". З іх жывым музычным суправаджэннем будуць паказаны фільмы "У агні народжаная" (1929, Уладзімір Корш-Саблін), "Кастусь Каліноўскі" (1927, Уладзімір Гардзін), "Нянавісць" (1930, Юрый Тарыч). Таксама ў праграму ўключана выступленне Ягора Забелава ("Yegor Zabelov") з музыкай да французскага нямога фільма "Менімальтан" (1926, Дзмітрый Кірсанаў). Такім чынам, кожны кінаканцэрт будзе складацца з двух аддзяленняў: непасрэдна фільма з жывой агучкай і сэта з аўтарскіх кампазіцый выканаўцы.

Арганізатары патлумачылі, што "Кінапалёт" - назва, якая ў жыхароў Віцебска асацыюецца з 1980-мі гадамі, калі ў горадзе працаваў дзіцячы кінатэатр "Палет". Ён размяшчаўся ў самалёце ТУ-134 на Маскоўскім праспекце. А месцам правядзення мерапрыемстваў арт-праекта стануць пляцоўкі музея "Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва" - выставачны зал на вул. Белабародава, 5 і "Арт-прастора Талстога, 7". У апошнім 5 снежня адбудзецца прэзентацыя выставы "250", прысвечанай 250-годдзю кампазітара і вядомага грамадскага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага. Прычым гэтая выстава шматфарматная: яна ўключае фільм, музыку, скульптуру і тры фотагісторыі.

БЕЛТА.