Мастацкі праект "Прысвячэнне Віцебску" стартуе ў музеі Марка Шагала 18 мая

Арт-проект "Посвящение Витебску" стартует в музее Марка Шагала 18 мая

Арт-праект "Прысвячэнне Віцебску" стартуе ў музеі Марка Шагала 18 мая, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея Людміла Хмяльніцкая.

Мерапрыемствы пройдуць у садзе дома-музея мастака на вуліцы Пакроўскай. Тут будуць арганізаваны дзве фотавыставы. Здымкі, зробленыя ў канцы ХIХ - пачатку ХХ стагоддзя, сабраны ў экспазіцыю "Горад і гараджане", таксама адбудзецца выстава работ Віктара Барысенкава пад назвай "Горад, які мы страцілі". "Першая выстава - гэта вінтажныя фота, на другой будуць прадстаўлены калажы - фатаграфіі сучасных віцебскіх вуліц з фантамамі будынкаў, якія раней там знаходзіліся. Усе фатаграфіі зроблены ў вялікім фармаце і будуць размешчаны на агароджы дома-музея", - сказала Людміла Хмяльніцкая.

Паводле яе слоў, адна з мэт праекта - злучыць мінулае, сучаснасць і будучыню. Важная роля ў гэтым адводзіцца дзецям, якія прама тут будуць маляваць Віцебск будучыні - вуліцы, будынкі, людзей, транспарт. За дзве гадзіны (з 14.00 да 16.00) будзе створана экспазіцыя, дэманстрацыя якой і завершыць дзень музея ў садзе дома на Пакроўскай. Акрамя таго, тут будзе арганізавана дэманстрацыя і продаж сувенірнай прадукцыі, літаратуры пра Віцебск. "Наш новы праект, які мы плануем зрабіць штогадовым, з'яўляецца штуршком, правакацыяй для тых, хто хоча нешта зрабіць для Віцебска", - заключыла Людміла Хмяльніцкая.

Музей Марка Шагала ўключае ў сябе арт-цэнтр Шагала і мемарыяльны дом-музей мастака. Арт-цэнтр быў адкрыты ў 1992 годзе. У яго фондах знаходзіцца каля 300 графічных лістоў Марка Шагала. Гэта шматлікія літаграфіі, ксілаграфіі, афорты, акватынты, у тым ліку серыя ілюстрацый да паэмы Мікалая Гогаля "Мёртвыя душы", серыя каляровых літаграфій на тэму "Бібліі". У калекцыі арт-цэнтра знаходзяцца таксама 200 лістоў тыражнай графікі еўрапейскіх мастакоў авангарда. У фондах навуковай бібліятэкі музея 5 тыс. кніг, прысвечаных Шагалу, мастакам еўрапейскага і рускага авангарда. Штогод музей Марка Шагала ў Віцебску наведваюць больш за 30 тыс. турыстаў.

Алена Ціханава