Артисты Віцебскага тэатра імя Якуба Коласа парадуюць мінчан новымі пастаноўкамі

12 верасня, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (Віцебск) у другі раз парадуюць мінчан новымі пастаноўкамі. Гастролі віцебскага тэатра пройдуць з 17 па 26 верасня на сцэне тэатра імя М.Горкага. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Каласоўскага тэатра Святлана Дашкевіч. "Для нас кожная сустрэча са сталічнымі гледачамі жаданая і доўгачаканая. Хочацца, каб і гледачы чакалі нашага прыезду і з задавальненнем прыходзілі на спектаклі", - сказала яна. Адкрыюцца гастролі спектаклем Рыда Таліпава "Васса" па п'есе Максіма Горкага, пастаўленым да юбілею народнай артысткі Беларусі Святланы Акружной. Жанр пастаноўкі Святлана Дашкевіч вызначыла як "гісторыя сям'і". "Галоўнае, на чым засяродзіў увагу рэжысёр, - як захаваць сям'ю, калі ў ёй здараюцца розныя катаклізмы, - распавядае Святлана Дашкевіч. - Як гэтая гісторыя сугучная з праблемамі сучаснай сям'і? Пра гэта разважае рэжысёр разам з сучасным гледачом". "Кожны з нас разважае аб супакаенні душы, якую забівае штодзённая мітусня. Пара падумаць аб вечным і аб тым, што з'яўляецца самым каштоўным для цяперашняга чалавека", - адзначыла Святлана Дашкевіч. Гэтая тэма развіваецца ў спектаклі-споведзі "Крыж Ефрасінні", які паставіў Міхаіл Краснабаеў па п'есе Ірыны Масленіцынай. Яшчэ адна праца віцебскага тэатра - спектакль "Апошнія сведкі" Святланы Алексіевіч - прысвечаны апаленаму вайной дзяцінству. Сюжэтная лінія такая: дзеці даваеннага класа сустрэліся праз 65 гадоў пасля заканчэння вайны. Класная дама прапануе ім напісаць сачыненне на тэму: "Як я правёў дзяцінства?" Гэта не біяграфіі, а самыя яркія эпізоды з жыцця дзяцей, праз лёс якіх прайшла Вялікая Айчынная вайна. "Апошніх сведкаў" паставіў аўтар інсцэніроўкі рэжысёр Уладзімір Савіцкі. Класічную камедыю "За двума зайцамі" украінскага драматурга Міхаіла Старыцкага прапануе сталічнаму гледачу Міхаіл Краснабаеў. "Гэты спектакль ужо глядзелі гледачы Польшчы і Расіі, і паўсюль ён ідзе з нязменным поспехам, - распавяла Святлана Дашкевіч. - Гэта свята акцёрскага майстэрства, тут няма ніводнай прахадной ролі". У гастрольным рэпертуары - "Ветрагоны", дзе прадстаўляюць "антыкрызісную праграму ад Уладзіслава Галубкі" артысты малодшага і сярэдняга пакалення коласаўцаў. У падарожжа ў прастору невядомага запрашае гледача пастаноўшчык спектакля "Прывітанне, Альберт!" заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віталь Баркоўскі. Спектакль па п'есе Юрыя Сахара пастаўлены да 130-годдзя з дня нараджэння вялікага фізіка і лірыка ХХ стагоддзя Альберта Эйнштэйна. Акрамя таго, сталічныя тэатралы змогуць убачыць камедыю сучаснага беларускага драматурга Дзіяны Балыко "Псіхааналітык для псіхааналітыка". Для маленькіх гледачоў коласаўцы падрыхтавалі казку Сяргея Казлова "Нам нельга без сябра". У 2007 годзе коласаўцы сустракаліся са сталічным гледачом на сцэне Купалаўскага тэатра. Гэта былі справаздачныя гастролі мастацкага кіраўніка тэатра заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Віталя Баркоўскага ў сувязі з 60-годдзем з дня нараджэння вядомага рэжысёра.-0-