Археолагі даказалі, што на тэрыторыі Беларусі жылі вікінгі

27 кастрычніка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Археолагі знайшлі ў Віцебскай вобласці рэшткі старажытнага паселішча вікінгаў, што даказвае, што прадстаўнікі гэтага народа жылі на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца Цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі доктар гістарычных навук Вольга Ляўко. Суразмоўніца не ўдакладніла, дзе менавіта знойдзены рэшткі паселішча, растлумачыўшы, што далейшаму даследаванню гэтай тэрыторыі могуць перашкодзіць "чорныя капальнікі". Вольга Ляўко расказала, што падчас раскопак былі знойдзены элементы зброі і бытавыя прадметы, якія сведчаць аб тым, што знаходжанне вікінгаў на тэрыторыі Беларусі было не эпізодычным, транзітным, а пастаянным. Сярод самых каштоўных знаходак - зліткаў каляровых металаў, сярэбраны наканечнік ножан мяча, матрыца для адліўкі поясных наканечнікаў дружыннікаў і іншыя. Акрамя гэтага, археолагі знайшлі і месца пахавання аднаго з дружыннікаў-вікінгаў разам са збруёй і конем. "Апошняе адкрыццё вельмі важнае для нас, - адзначыла Вольга Ляўко. - Гэты прыклад даказвае, што вікінгі ў нас жылі". Спецыяліст таксама расказала, што ў Беларусі практычна не было навукова-даследчых работ, прысвечаных вікінгам. У бліжэйшыя гады навукоўцы плануюць надаць гэтай тэме асаблівую ўвагу, плануецца вызначыць галоўныя асаблівасці побыту вікінгаў на тэрыторыі Беларусі. Ужо вядома, да прыкладу, што іх паселішчы былі невялікімі і размяшчаліся недалёка ад паселішчаў мясцовых жыхароў. Вікінгі - раннесярэднявечныя скандынаўскія мораходы, якія ў VIII-XI стагоддзях здзяйснялі марскія паходы ад Вінланда да Б'ярміі і ад Каспія да Паўночнай Афрыкі. У асноўным гэта былі свабодныя сяляне дацкага, нарвежскага і шведскага паходжання, якія качавалі за межамі родных краін у пошуках лёгкай нажывы. Па рэлігіі гэта былі ў асноўным язычнікі. Інстытут гісторыі НАН Беларусі праводзіць фундаментальныя навуковыя даследаванні па гісторыі і археалогіі, выконвае археалагічныя раскопкі, а таксама арганізуе экспертызу найважнейшых навуковых праграм і праектаў у культурна-гістарычнай сферы.-0-