Археолагі знайшлі ў Полацку рэшткі школы, дзе вучыўся Францыск Скарына

15 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Археолагі знайшлі рэшткі корпуса кляштара бернардзінцаў, у якім Францыск Скарына атрымаў пачатковую адукацыю, расказаў карэспандэнту БЕЛТА загадчык кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Дзяніс Дук, які ўзначальваў раскопкі.

Паводле звестак вучоных, асновы лацінскай мовы знакаміты полачанін асвойваў у школе манахаў-бернардзінцаў, якая працавала пры кляштары. Да цяперашняга часу дакладнае месца размяшчэння бернардзінскага кляштара не было вядома: час не захаваў нават руін. Гісторыкі толькі меркавалі, дзе ён мог знаходзіцца, і мелі план кляштара. Сёлета ўлетку падчас археалагічнага нагляду за ходам будаўнічых работ былі выяўлены рэшткі падмурка, якія супалі з наяўным планам кляштара. У тым, што гэта сапраўды частка кляштарнага комплексу, вучоных пераканалі і знаходкі: царкоўнае начынне, якое належала бернардзінцам, посуд, паліваныя пліткі, накладкі на кнігі.

Па словах Дзяніса Дука, музеефікаваць знойдзеныя рэшткі кляштара не ўяўляецца магчымым, бо ў гэтым раёне шчыльная прыватная забудова, але, нягледзячы на гэта, турыстычная карта старажытнага горада можа папоўніцца яшчэ адной гістарычнай кропкай.-0-