Археолагі ў 2010 годзе працягнуць даследаванне гістарычнага цэнтра Віцебска
22 сакавіка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Беларускія археолагі сёлета працягнуць даследаванне гістарычнага цэнтра Віцебска, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вольга Ляўко.
Да раскопак вучоныя плануюць прыступіць ужо ў канцы сакавіка. Археалагічныя даследаванні разгорнуцца на трох пляцоўках - на ўчастку, прылеглым да Ніжняга замка з боку Заручэўя, каля Успенскай гары, а таксама на адным з участкаў Замкавай вуліцы. "Новыя даследаванні дапамогуць вызначыць старажытны рэльеф мясцовасці горада, удакладніць храналогію развіцця розных яго ўчасткаў і іх узаемасувязь з пэўнымі відамі насельніцтва", - расказала суразмоўніца.
Даследаванні вучоных цесна звязаны з будаўнічымі работамі, якія праходзяць у Віцебску. Вучоныя назіраюць за такімі работамі і пры неабходнасці спыняюць іх для дэталёвага даследавання земляных слаёў і здабыцця з іх археалагічных матэрыялаў.
Вольга Ляўко таксама дадала, што цікавыя археалагічныя раскопкі пройдуць сёлета і каля Полацка, на ўчастку, дзе запланавана будаўніцтва новай ГЭС. "Тут неабходна вывучыць гісторыю аднаго са старажытных паселішчаў, для чаго трэба будзе ўскрыць каля 2 тыс. кв. м глебы", - дадала спецыяліст. Плануецца, што да гэтага праекта будуць прыцягнуты віцебскія студэнты.
Інстытут гісторыі НАН Беларусі праводзіць фундаментальныя навуковыя даследаванні па гісторыі і археалогіі, выконвае ахоўныя археалагічныя раскопкі, арганізуе экспертызу найважнейшых навуковых праграм і праектаў у культурна-гістарычнай сферы. Установа пастаянна развівае партнёрства з навуковымі інстытутамі іншых дзяржаў, падтрымлівае кантакты з вучонымі суседніх краін, у тым ліку Расіі, Украіны, Польшчы. Сёлета беларускія вучоныя плануюць правесці сумесныя са спецыялістамі Нацыянальнага інстытута прэвентыўнай археалогіі Францыі раскопкі ў раёне пераправы напалеонаўскіх войскаў праз Бярэзіну ў 1812 годзе.-0-