Археолагі выйгралі спрэчку ў старажытных летапісаў аб больш раннім даце заснавання Полацка

2 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Археолагі выйгралі спрэчку ў старажытных летапісаў аб больш раннім узросце Полацка. Сенсацыйная знаходка археалагічнай экспедыцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі дазваляе сцвярджаць, што Полацк існаваў ужо ў першай палове ІХ стагоддзя, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік экспедыцыі, кандыдат гістарычных навук, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марат Клімаў. Упершыню Полацк згадваецца ў легендарнай "Аповесці мінулых гадоў" пад 862 годам, калі "авалодаў усёй уладай адзін Рурык і стаў раздаваць мужам сваім гарады: таму Полацк..." Аднак матэрыяльных пацвярджэнняў - рэшткаў культурнага пласта з артэфактамі, па якіх можна было б пацвердзіць або абвергнуць гэту дату, да гэтага часу знайсці не ўдавалася. Падчас археалагічных раскопак на тэрыторыі старажытнага гарадзішча, першапачатковага цэнтра горада, якія праводзіліся летам 2009 года, у слоі пажарышча былі выяўлены 4 фрагменты арабскіх сярэбраных манет - дырхемаў. Манеты мелі пашкоджанні, аднак пры дапамозе нумізмата Святаслава Куляшова, супрацоўніка Эрмітажа (Санкт-Пецярбург), нядаўна была ўстаноўлена дата чаканкі манет - 800-825 гады. "Такім чынам, манеты засведчылі, што Полацк на некалькі дзясяткаў гадоў старэйшы, чым прынята лічыць згодна з першым летапісным згадваннем", - адзначыў Марат Клімаў. Археалагічная экспедыцыя працавала ў Полацку ў адпаведнасці з Комплекснай праграмай развіцця горада на перыяд да 2012 года. У 2010 годзе работы будуць працягнуты, а да 1150-годдзя горада навукоўцы збіраюцца выдаць працу аб сваіх знаходках падчас раскопак.-0-