Археалагічны заказнік плануецца стварыць у Талачынскім раёне
22 верасня, Талачын /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Археалагічны заказнік плануецца стварыць у Талачынскім раёне (Віцебская вобласць), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў мясцовым райвыканкаме.
Заказнік будзе размяшчацца на тэрыторыі Друцкага гарадзішча, дзе зараз вядуцца археалагічныя раскопкі. Падчас раскопак Друцкага кургана археолагі выявілі старажытнае пахаванне, датаванае XI-XII стагоддзем. Як лічаць вучоныя, Друцкі курган уяўляе унікальную археалагічную каштоўнасць, паколькі гэта адзіны выяўлены ва Усходняй Еўропе курган, выкананы па язычным абрадзе і які ўключае каменнае надмагілле.
У цяперашні час мясцовыя ўлады шукаюць крыніцы фінансавання стварэння археалагічнага заказніка. "Праект гэты маштабны. Адзін райвыканкам з ім не справіцца", - патлумачылі карэспандэнту БЕЛТА.
Як адзначылі ў раённай адміністрацыі, для развіцця турыстычнага патэнцыялу Талачынскага раёна ў гэтым годзе распрацаваны першыя тры экскурсійныя маршруты. Падчас аглядны экскурсіі "Мая малая Радзіма" турыстам прапануюць наведаць гісторыка-краязнаўчы музей, Свята-Троіцкую царкву, касцёл Святога Антонія Падуанскага, Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы і ландшафтна-гідралагічны заказнік "Крыніца Скрыпуцева", а таксама акунуцца ў купальню святой крыніцы з гаючай вадой. Экскурсія "Па гэтай зямлі ступалі каралі" разлічана на турыстаў, якія цікавяцца гісторыяй Талачынскага раёна. Ім прапануецца наведаць Друцкае гарадзішча і тэрыторыю былога маёнтка графа Менджынскага. Тэматычная экскурсія "Талачын індустрыяльны" знаёміць з вядучымі прадпрыемствамі раёна, працэсам вытворчасці кансерваваных вырабаў, сыроў і малочнай прадукцыі, а таксама мабільных экскаватараў з тэлескапічнай стрэлай.-0-