Арцыбіскуп Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый узначаліць каляднае набажэнства ў Свята-Успенскім кафедральным саборы

Архиепископ Витебский и Оршанский Димитрий возглавит рождественское богослужение в Свято-Успенском кафедральном соборе
Напярэдадні светлага свята Раства Хрыстовага ў рэзідэнцыі архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя прайшла традыцыйная прэс-канферэнцыя.

Уладыка падвёў своеасаблівую рысу пад мінулым годам, назваўшы яго галоўныя падзеі. Перш за ўсё, гэта святкаванне 25-годдзя адраджэння Віцебскай праваслаўнай епархіі, адноўленай у 1992-м па рашэнні архірэйскага сабора шляхам разукрупнення Полацкай.

Дарэчы, у той час епіскапам найстаражытнейшай Полацкай кафедры быў ігумен Дзімітрый, які ўзначаліў і ўжо чвэрць стагоддзя кіруе Віцебскай епархіяй.

Звяртаючыся да гісторыі, архіепіскап Дзімітрый адзначыў, што ў пачатку 90-х мінулага стагоддзя на тэрыторыі епархіі дзейнічалі ўсяго толькі дзевяць храмаў і працавалі 12 святароў, а ў абласным цэнтры была адзіная царква ў імя Казанскай іконы Божай Маці.

Сёння ж існуюць 150 храмаў, два мужчынскія і чатыры жаночыя манастыры. Богаслужэнні здзяйсняюць 200 святароў. Сёлета ўпершыню Ражствовая літургія пройдзе ў храме Святой Блажэннай Матроны Маскоўскай, які з'явіўся ў новым мікрараёне Віцебска – Білева.

Уладыка ўзначаліць святочнае богаслужэнне ў Свята-Успенскім кафедральным саборы, адкуль тэлерадыёкампанія «Віцебск» будзе весці прамую трансляцыю.

Тут жа а 12 гадзіне пройдзе саборны ражствовы малебен усяго духавенства. У іншых храмах усяночнае трыванне пачнецца таксама 6 студзеня ў 17 гадзін, Боская літургія – 7 студзеня апоўначы і паўторыцца для тых, хто не зможа прыйсці ўночы, у 8 ці 9 раніцы.

Як растлумачыў кіраўнік епархіі, падрыхтоўка да аднаго з галоўных хрысціянскіх святаў пачалася за некалькі месяцаў. Яна ўключала ражствовыя чытанні, праваслаўныя гутаркі, сустрэчы з моладдзю, наведванні шматдзетных сем'яў, бальніц, дзіцячых дамоў, месцаў зняволення.

Шмат у гэтым плане робяць епархіяльныя аддзелы: місіянерскі, сацыяльнай накіраванасці, па супрацоўніцтве з камітэтам выканання пакаранняў МУС, па справах моладзі і, у прыватнасці, праваслаўнае моладзевае брацтва святога праведнага Іаана Кранштацкага, а таксама абласное аб'яднанне праваслаўных жанчын. Дадзеная праца актывізуецца ў калядныя дні, і асаблівая ўвага накіравана на сацыяльна неабароненых, якія маюць патрэбу ў дапамозе людзей.

Кіраўнік і духавенства Віцебскай епархіі прысутнічалі на выніковым епархіяльным сходзе, які прайшоў у Зале царкоўных сабораў кафедральнага храма Хрыста Збавіцеля пад старшынствам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.

У студзені ў расійскай сталіцы адбудуцца міжнародныя калядныя чытанні, у якіх таксама возьмуць удзел прадстаўнікі Віцебшчыны. Іх тэма – «Маральныя каштоўнасці і будучыня чалавецтва».

Светламу святу Раства Хрыстовага прысвечаны выставы «Сямейная ікона», «Калядныя матывы», якія адкрыліся ў Віцебску.

Упершыню хор духоўнай семінарыі возьме ўдзел у абласным свяце духоўнай музыкі і выступіць на сцэне Коласаўскага тэатра. На стары Новы год, які прыпадае на нядзелю, дзяцей запрашаюць на калядную ёлачку. Свята пройдзе ў маляўнічым месцы – на базе праваслаўнага лагера «Дружба».

Як падкрэсліў архіепіскап, Раство – гэта свята міласэрнасці і дабра. Кіраўнік епархіі пажадаў усім сустрэць светлы дзень нараджэння Збавіцеля з чыстымі думкамі, з адкрытай душой і любоўю.

"Віцебскія весці".