Архіерэйская гасцініца з'явіцца ў Полацку

8 красавіка, Полацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Музеефікаваць археалагічныя раскопкі на месцах помнікаў XII стагоддзя, узвесці манастырскія майстэрні і архіерэйскую гасцініцу збіраюцца ў Полацку для стварэння турыстычнай інфраструктуры. Канцэпцыю развіцця турыстычнай інфраструктуры гістарычных раёнаў Полацка прадставіў сёння ўдзельнікам Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме пры Савеце Міністраў Беларусі (МЭКС) старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У адпаведнасці з планам, у Полацку прапануецца развіваць тры тэрыторыі: Верхні замак, пасад "Востраў" і прылеглую тэрыторыю Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Так, на плошчы, прылеглай да былога Верхняга замка, прадугледжваецца музеефікаваць археалагічныя руіны храмавых пабудоў XII стагоддзя, сістэму абарончых збудаванняў замка. Тут таксама намечана размясціць гасцініцу і Цэнтр гісторыі і археалогіі Полацка. Візітнай карткай пасада "Востраў" могуць стаць музеефікаваныя археалагічныя рэшткі манастыра Іаана Прадцечы XII стагоддзя, творчыя майстэрні мясцовых рамеснікаў. Па задуме аўтараў канцэпцыі, тут будзе знаходзіцца большая частка забаўляльнай інфраструктуры: рэстараны, кафэ, атракцыёны. Гаворачы аб развіцці тэрыторыі, прылеглай да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, Аляксандр Пазняк звярнуў увагу на тое, што тут з'явіцца духоўна-асветніцкі цэнтр. Акрамя таго, прадугледжваецца пабудаваць манастырскія майстэрні, узвесці млын з хлебапякарняй і гасцініцы для паломнікаў. З'явіцца тут і своеасаблівы VIP-гатэль - архіерэйская гасцініца. На думку намесніка прэм'ер-міністра Беларусі, старшыні МЭКС Анатоля Тозіка, канцэпцыя развіцця турыстычнай інфраструктуры Полацка заслугоўвае ўвагі, аднак неабходны праект, да распрацоўкі якога варта прыцягнуць спецыялістаў, гісторыкаў, археолагаў, свяшчэннаслужыцеляў, грамадскасць горада.-0-