Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласці прызнана лепшай у краіне
Напрыканцы мінулага года Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва падвяла вынікі дзейнасці за тры гады. Напярэдадні асамблеі дзелавых колаў, дзе зацвярджаецца Нацыянальная платформа для бізнесу, былі вызначаны асноўныя напрамкі дзейнасці і праблемныя пытанні, якія сёння найбольш хвалююць людзей прыватнай справы. У III справаздачна-выбарнай Генеральнай Асамблеі прынялі ўдзел і прадстаўнікі Віцебскай вобласці: старшыня Савета Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў, генеральны дырэктар ТАА «Альянспласт» Мікалай Сілінаў і выканаўчы дырэктар асацыяцыі Ніна Лук'янава.
Як адзначыла Ніна Георгіеўна, дзелячыся ўражаннямі ад паездкі ў Мінск, бізнес-супольнасць плануе ў бліжэйшыя гады стварыць рэспубліканскую дзелавую сетку, надаць асаблівую ўвагу развіццю міжнародных кантактаў, у тым ліку і з мэтай прыцягнення інвестыцый у рэгіёны, а таксама пытанням дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў.
– Напрыклад, праца ІП ва ўмовах увядзення сертыфікатаў якасці Мытнага саюза або магчымасць наёмнага супрацоўніка. Гэтыя моманты ўжо абмяркоўваюць у Парламенце Беларусі. Але многае залежыць і ад саміх прадпрымальнікаў, іх актыўнасці ва ўнясенні прапаноў у заканадаўчыя акты, зваротах да народных абраннікаў, – падкрэсліла Ніна Лук'янава.
Такая пазіцыя, а таксама імкненне дапамагчы пачаткоўцам і дзеючым на рынку бізнесменам, умацаваць іх аўтарытэт, зблізіць прадпрымальнікаў з органамі ўлады былі адзначаны канфедэрацыяй. Па выніках конкурсу «Лепшая рэгіянальная бізнес-асацыяцыя» пераможцам прызнана Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў Віцебскай вобласці. Аб'яднанне прымае актыўны ўдзел у законатворчасці, правядзенні мерапрыемстваў, якія спрыяюць развіццю бізнесу, актыўна супрацоўнічае з органамі ўлады, гэта значыць з упраўленнем прадпрымальніцтва аблвыканкама і з Віцебскім гарвыканкамам, арганізуе сустрэчы з дэпутатамі, працу клубаў маладых прадпрымальнікаў і дзелавых жанчын. Узнагародай стала прызнанне на ўзроўні рэспублікі і стацыянарны камп'ютар, які выканаўчы дырэктар перадала ў бязвыплатнае карыстанне асацыяцыі.