Аўстрыйскія інвестары гатовыя ўдзельнічаць у стварэнні мультымадальнага лагістычнага цэнтра ў Оршы
19 мая, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Буйная аўстрыйская кампанія выказала гатоўнасць удзельнічаць у рэалізацыі сумеснaга беларуска-латвійскага праекта па стварэнні міжнароднага мультымадальнага лагістычнага цэнтра "Орша" на базе Аршанскага авіярамонтнага завода. Пра гэта паведаміў сёння дырэктар завода Уладзімір Троіцкі на перамовах у Мінску з дэлегацыяй Міністэрства зносін Латвіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас з'явіўся рэальны інвестар - з Аўстрыі, з ім ужо праведзены перамовы, выкананы разлікі", - сказаў Уладзімір Троіцкі. У бліжэйшы час беларускі бок разлічвае атрымаць ад патэнцыйных партнёраў канкрэтныя прапановы аб супрацоўніцтве.
Дырэктар Аршанскага авіярамонтнага завода адзначыў, што тэрыторыя, на якой плануецца будаўніцтва сучаснага мультымадальнага лагістычнага цэнтра, валодае мноствам пераваг, яна знаходзіцца на скрыжаванні 2-га і 9-га транспартных калідораў. Ва Аршанскага авіярамонтнага завода размешчаны аэрадром, здольны прымаць паветраныя судны практычна ўсіх тыпаў, паблізу знаходзяцца і чыгуначныя шляхі. У перспектыве новы лагістычны цэнтр зможа абслугоўваць грузапатокі з Варшавы, Таліна і іншых напрамкаў.
У рамках праекта плануецца будаўніцтва сучаснага складскога тэрмінала, а таксама офісных будынкаў, у якіх размесцяцца мытныя службы, банк, лізінгавая кампанія. Праект прадугледжвае будаўніцтва гасцініцы і кафэ для экіпажаў паветраных суднаў і аўтамабільных перавозчыкаў. У перспектыве ў раёне лагістычнага цэнтра можа з'явіцца і цэнтр адпачынку.
На выкананне праекта спатрэбіцца $13 млн. інвестыцый. Яны акупяцца прыкладна праз 9 гадоў. Акупнасць залежыць ад грузапатокаў: чым вышэйшыя яны будуць, тым ніжэйшы будзе тэрмін акупнасці. Пры спрыяльным сцэнарыі грузапатокі павялічацца ў два разы, а акупнасць скароціцца да трох гадоў. "Да 2015 года мы выйдзем на стабільнае паступленне сродкаў, якія дапамогуць акупіць праект", - сказаў дырэктар завода.
Тэрыторыя для будаўніцтва новага цэнтра ўжо вызначана. "Мы можам пачынаць будаваць адразу ж пасля прыняцця рашэння і ўзгаднення праекта, - сказаў Уладзімір Троіцкі. - Праект ужо пралічаны і прывязаны да канкрэтнай мясцовасці".
Узвядзенне новага цэнтра плануецца сумесна з латвійскай фірмай "Логістык і партнёры". Па словах міністра зносін Латвіі Каспарса Герхардса, гэтая фірма валодае вялікім вопытам у сферы лагістыкі. Міністр выказаў упэўненасць у паспяховай рэалізацыі сумеснага з Беларуссю праекта. "Мы гатовыя падтрымаць яго, і са свайго боку разлічваем на падтрымку Минтранса Беларусі, - заявіў ён. - Гэта дасць штуршок для больш дынамічнага эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі". -0-