Аўтакрос памяці М.Шмырэва стартуе сёння ў Віцебску

23 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Традыцыйны аўтакрос памяці Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова стартуе сёння ў Віцебску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ Васіль Карабаў. Спаборніцтвы стануць першым этапам чэмпіянату Беларусі па аўтакросе. У Віцебску сабраліся каля 40 спартсменаў з Беларусі і Расіі, якія будуць вызначаць наймацнейшых у чатырох класах аўтамабіляў. Сярод удзельнікаў чэмпіён Расіі па аўтакросе 2009 года Андрэй Якунчанка, а таксама чатыры юных гоншчыкі ў класе Д1 "Юніёр". Гонкі пройдуць у прыгарадзе абласнога цэнтра Тулава на трасе даўжынёй 1,3 тыс.м, якая дазваляе адначасова ўдзельнічаць у заездах 16 аўтамабілям. Сёння на старт выйдуць удзельнікі заездаў у класе Д1 "Юніёр" і "Нацыянальны-2000". 24 красавіка адбудуцца фінальныя заезды ў класах Д1 і Д2. Гледачам сумаваць не давядзецца: як абяцаюць арганізатары гонак, за напружанай барацьбой на трасе можна будзе назіраць не толькі з зямлі, але і з паветра. Для віцябчан і гасцей горада будуць арганізаваны аглядныя палёты на верталётах Мі-2 Віцебскага аэраклуба, а таксама паказальныя выступленні парашутыстаў. Пераможцы і прызёры спаборніцтваў будуць узнагароджаны кубкамі, медалямі і дыпломамі.-0-