Аўтамабіль уручылі пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства сярод падраздзяленняў ППСМ, АМАП і МУС

На плошчы Перамогі ў Віцебску адбылася цырымонія урачыстага адкрыцця XII рэспубліканскага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства сярод падраздзяленняў і супрацоўнікаў патрульна-паставой службы міліцыі, атрадаў міліцыі асаблівага прызначэння, органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь на прыз С.І. Васілеўскага.

Праваахоўнікам з усёй краіны на працягу трох дзён трэба было дэманстраваць свае веды і ўменні ў самых складаных сітуацыях. Трэба было вытрымаць строгі экзамен па крымінальным і адміністрацыйным заканадаўстве, фізічнай і тэхнічнай падрыхтоўцы.

Адкрываючы конкурс, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Рэспублікі Беларусь палкоўнік міліцыі Раман Мельнік адзначыў, што патрульная служба стаіць на перадавой у барацьбе са злачыннасцю, гэта самае блізкае да народа падраздзяленне. А таму пры выкананні службовага абавязку важна не толькі мець глыбокія тэарэтычныя і практычныя веды, але і быць маральна і псіхалагічна гатовым да дзеянняў у складаных, а часам і экстрэмальных умовах.

Прагучалі словы прывітання таксама ад першага намесніка начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыя Рэзенкава, які падкрэсліў, што агляд-конкурс стаў добрай традыцыяй і штогод збірае тых, хто прысвяціў сваё жыццё абароне грамадзян, шчыра адданы доўгу і прысязе, для каго ахоўваць спакой, жыццё і здароўе людзей – не прафесія, а прызванне! Удзельнікаў таксама напуткавалі прадстаўнікі Віцебскай епархіі і ветэраны органаў унутраных спраў.

Камандам-удзельніцам былі ўручаны караваі, а лепшыя калектывы горада: ансамбль «На ростанях» каледжа культуры і мастацтваў, ансамбль барабаншчыц з гімназіі №7 парадавалі ўсіх канцэртам. У сваю чаргу байцы АМАПа правялі паказальныя выступленні.

У памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны да Вечнага агню леглі вянок і кветкі ад удзельнікаў спаборніцтваў.

Пасля напружаных дзён спаборніцтваў у абласной філармоніі ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося ўзнагароджанне пераможцаў.

Дома і сцены дапамагаюць, гэту ісціну пацвердзілі віцебскія байцы, заваяваўшы

галоўны прыз — аўтамабіль. Другое месца дасталася камандзе горада Мінска, трэцяе – Мінскай вобласці.

Святлана ШЫРОКАВА, «Віцьбічы». Фота Віталя Сапраненкі.