Аўтапарк УУС Віцебскага аблвыканкама папоўніўся новай тэхнікай

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў ва ўрачыстай абстаноўцы сёння ўручыў кіраўніцтву абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў сертыфікат на 11 аўтамашын, якія паступяць у распараджэнне ДАІ, дзяжурнай часці УУС, АМАП, Гарадоцкага, Талачынскага, Ушацкага, Мёрскага, Шумілінскага, Глыбоцкага, Пастаўскага РАУС і Наваполацкага ГАУС. Ён падкрэсліў, што ў пачатку 2013 года для праваахоўнікаў вобласці будуць набыты яшчэ 10 машын. Такім чынам, аўтапарк УУС абновіцца фактычна цалкам.

"Дзякуючы зладжанай, дакладнай працы органаў унутраных спраў, цеснаму ўзаемадзеянню, наладжанаму з мясцовымі органамі ўлады, велізарнай увазе і намаганням, накіраваным на забеспячэнне правапарадку і законнасці, у рэгіёне склалася ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння ўзроўню злачыннасці", - падкрэсліў Уладзімір Цярэнцьеў, адзначыўшы, што за апошнія пяць гадоў колькасць забойстваў у вобласці скарацілася практычна ў тры разы, рабаўніцкіх нападаў - больш чым у тры разы, а хуліганскіх праяў стала ў 10 разоў менш.

Узровень злачыннасці ў Віцебскай вобласці за студзень-кастрычнік бягучага года знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 21%, склаўшы на 10 тыс. насельніцтва 84,1 (па рэспубліцы - 89,6). За 10 месяцаў на тэрыторыі рэгіёна здзейснена 10,2 тыс. злачынстваў. У параўнанні са студзенем-кастрычнікам 2011 года скарацілася колькасць рабаванняў (на 19,4%), разбояў (на 5,1%), згвалтаванняў (на 33,3%), хуліганскіх праяў (на 47,9%), крадзяжоў усіх відаў (на 19,7%), фактаў махлярства (на 37,6%). Менш зарэгістравана злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап'янэння (на 8,4%), у групе (на 13,7%), паўторна (на 19,3%), непаўналетнімі (на 19,2%).

"Нельга казаць, што ўсё зусім добра. Ёсць сур'ёзная праблема, звязаная з алкагалізацыяй насельніцтва. Яна нас вельмі хвалюе, бо кожнае трэцяе злачынства сёння здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап'янэння. Патрабуе ўвагі пытанне злачыннасці сярод непаўналетніх і некаторыя іншыя. Тым не менш, той факт, што грамадзяне сёння могуць зусім спакойна хадзіць днём і ноччу па вуліцах горада, абумоўлены перш за ўсё велізарнай працай супрацоўнікаў міліцыі", - адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама.

Вольга Багачова - БЕЛТА