Ажыятаж на квіткі IFMC узнік задоўга да пачатку фестывалю
31 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Ажыятаж на квіткі мерапрыемстваў Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі (IFMC) узнік задоўга да пачатку форуму. Пра гэта паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай правядзенню юбілейнага XXV форуму, намеснік генеральнага дырэктара па спецпраектах Цэнтра культуры "Віцебск" Марына Раманоўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Марыны Раманоўскай, пэўная доля хваляванняў з улікам спецыфічнасці фестывалю ў арганізатараў, як і заўсёды, прысутнічала. Аднак цікавасць публікі да мерапрыемстваў IFMC пачала праяўляцца задоўга да самага форуму. "Яшчэ да пачатку правядзення шырокай рэкламнай кампаніі многія сталі звяртацца ў касы Цэнтра культуры "Віцебск" за квіткамі. Шмат званкоў паступіла таксама з Бабруйска, Маладзечна, Гродна, дзе сёлета пройдуць вечары сучаснай харэаграфіі ў рамках правядзення фестывалю. А на вечар у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, які адбудзецца 28 лістапада, 65% квіткаў ужо прададзена", - распавяла Марына Раманоўская.
Кошт квіткаў вельмі дэмакратычны. У Віцебску ён складае ад Br25 тыс. да Br95 тыс. У іншых гарадах, дзе рэалізацыя вядзецца праз прамоўтараў, - адпаведна, некалькі вышэйшы, адзначыла Марына Раманоўская. Яна падкрэсліла, што магчымасць зрабіць цану разумнай у арганізатараў ёсць дзякуючы заснавальнікам фестывалю і дзяржаўнай падтрымцы.
Юбілейны XXV Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC) адбудзецца сёлета з 19 па 29 лістапада. У Віцебску праграма форуму пройдзе з 21 па 25 лістапада.
Заснавальнікамі фестывалю выступаюць Віцебскі аблвыканкам, Міністэрства культуры Беларусі, Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Беларусі. Арганізатар - Цэнтр культуры "Віцебск".
Фестываль застаецца верным сваёй галоўнай мэце - інтэграцыі творчага патэнцыялу Беларусі ў галіне сучаснай харэаграфіі ў сусветную культурную прастору, працягваючы стымуляваць развіццё міжнародных сувязяў у галіне мастацтва. Тысячы артыстаў з больш чым 40 краін свету выступілі на віцебскай сцэне на працягу 25 гадоў гісторыі фестывалю, які ўсе гэтыя гады спрыяў умацаванню іміджу краіны як сучаснай дзяржавы з высокамастацкімі традыцыямі і культурнымі каштоўнасцямі новага стагоддзя.-0-