Ажыятажнага попыту на крупяныя вырабы ў Беларусі няма - С.Сідорскі

10 верасня, Ліда /Алена Прус - БЕЛТА/. Ажыятажнага попыту на крупяныя вырабы, які назіраецца ў суседніх дзяржавах, у Беларусі няма, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння падчас рабочай паездкі ў Ліду, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА. "У краіне дастаткова запасаў харчовых тавараў, у тым ліку крупяных вырабаў усёй наменклатуры, пачынаючы ад грэчкі і заканчваючы просам, аўсянымі шматкамі, - сказаў кіраўнік урада. - Мы забяспечваем свае патрэбы ў поўным аб'ёме". Па яго словах, грэчка актыўна ўбіраецца з палёў, паступае на перапрацоўчыя прадпрыемствы, якія працуюць стабільна. Сяргей Сідорскі выказаў упэўненасць у тым, што "грэчкі ў продажы будзе столькі, колькі трэба". А нейкі ажыятаж вакол крупяных вырабаў ён назваў "падігрэтым". Паколькі Беларусь - транзітная краіна, то яе актыўна наведваюць і ўкраінцы, і расіяне. "На мінулым тыдні па маім даручэнні пацікавіліся ў прылеглых рэгіёнах Расіі і высветлілі, што там - беларуская грэчка, - сказаў прэм'ер-міністр. - Не страшна, у нас гэтай прадукцыі хапае. Акрамя таго, у апошнія дні павялічаны аб'ёмы вытворчасці круп, каб забяспечыць гандаль". Калі ж узнікаюць нейкія перабоі з наяўнасцю гэтых вырабаў на прылаўках, то гэта звязана з рытмічнасцю пастаўкі тавараў у гандлёвую сетку. Сяргей Сідорскі асабліва спыніўся і на пытанні цаны на крупы. Каб папярэдзіць адток беларускай грэчкі ў Расію, дзе цана на яе ўдвая вышэйшая, было прынята рашэнне крыху падняць цану на гэту прадукцыю ў Беларусі. Пры гэтым, падкрэсліў Сяргей Сідорскі, грэчка будзе таннейшая, чым за межамі нашай краіны. Прэм'ер-міністр у Ліде наведаў два аб'екты гандлю, азнаёміўся з асартыментам прадукцыі, пацікавіўся тым, ці адчуваецца дэфіцыт якіх-небудзь тавараў. Ён пераканаўся ў тым, што пакупніцкі попыт задавольваецца сполна. "Нагнятанне непатрэбных запалаў ні да чаго добрага не прыводзіць", - сказаў прэм'ер-міністр. А што тычыцца наяўнасці ў гандлёвай сетцы сметанковага масла, то праблемы з гэтай прадукцыяй быць у прынцыпе не павінна. Усе малочныя камбінаты забяспечаны малаком, у нармальным рэжыме функцыянуюць перапрацоўчыя прадпрыемствы. "Каля 80% ад агульнага аб'ёму вырабленага ў Беларусі сметанковага масла сыходзіць на экспарт, - адзначыў Сяргей Сідорскі. - Нам нічога не варта на працягу аднаго дня развярнуць частку экспартных патокаў на ўнутраны рынак".-0-