«БАЯН-БАТLFЭСТ» і выстава сакральнага тэкстылю. Як пройдзе свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы»?

Міжнароднае свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы» – адна з самых папулярных падзей на Браслаўшчыне – пройдзе сёлета 4 і 5 чэрвеня. Як і раней, фестываль збярэ танцораў, спевакоў і музыкантаў з розных куткоў Беларусі і краін блізкага замежжа, каб разам на гэты раз адзначыць дзве юбілейныя даты – 55-годдзе самога свята і 10-годдзе «Браслаўскай харавой асамблеі».

У праграме свята адкрытыя конкурсы дзіцяча-юнацкіх і дарослых хароў, народнага танца, канцэрт інструментальнай музыкі «БАЯН-БАТLFЭСТ», інтэрактыўныя пляцоўкі прадпрыемстваў і арганізацый горада, канцэрт ансамбля «Песняры». У музеі традыцыйнай культуры будзе разгорнута выстава сакральнага тэкстылю з Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук.

Цікавым абяцае быць фестываль сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава» з яго абрадам здабыцця «жывога» агню, баямі, танцамі і гульнямі ад клубаў гістарычнай рэканструкцыі.

Свята абяцае шмат станоўчых эмоцый і добрага настрою.

"Віцебскія весці".