Баланс расійскага газу для Беларусі ў 2011 годзе складзе 22,5 млрд.куб.м
16 снежня, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. Баланс расійскага газу для Беларусі ў 2011 годзе складзе 22,5 млрд.куб.м. Аб гэтым паведаміў генеральны дырэктар ААТ "Белтрансгаз" Уладзімір Маёраў сёння журналістам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Баланс газу для Беларусі ў 2011 годзе прадугледжаны ў аб'ёме 22,5 млрд.куб.м", - сказаў Уладзімір Маёраў. "Што тычыцца цаны на газ у наступным годзе, то гэтую лічбу я пакуль агучыць не магу", - дадаў ён.
Такі аб'ём газу Беларусі неабходны з улікам росту эканомікі, фактычнага спажывання. Што тычыцца цаны прыроднага газу на наступны год, то яе складана прагназаваць. Гэта звязана з дынамікай росту цэн на нафту, паколькі цана на газ ідзе ў прывязцы да цаны на нафтапрадукты. "Таму пакуль я не магу неяк сфармуляваць і агучыць гэтую лічбу", - сказаў гендырэктар "Белтрансгаза".
Ён таксама падкрэсліў важнасць для Беларусі падпісанага 9 снежня ў рамках Мытнага саюза пагаднення аб правілах доступу да паслуг натуральных манаполій. У гэтым пагадненні закладзены прынцыпы цэнаўтварэння і раўнадоходнасці цэн на энерганосьбіты. "У гэтым пагадненні аб правілах доступу да паслуг натуральных манаполій, уключаючы аснову цэнаўтварэння і тарыфнай палітыкі, утрымліваюцца артыкулы, якія дастаткова важныя для Беларусі", - падкрэсліў Уладзімір Маёраў. Вызначаецца паняцце рынкавых, раўнадоходных цэн. Гэта аптовыя цэны на газ, сфармаваныя для задавальнення ўнутраных патрэб зыходзячы з прынцыпаў раўнадоходнасці.
Дадзенае пагадненне яшчэ не ўступіла ў сілу і не ратыфікавана ўсімі ўдзельнікамі. Беларусь і далей працягне перамовы, каб удакладніць, адкарэктаваць некаторыя моманты цэнаўтварэння на газ у 2011 годзе.
Уладзімір Маёраў таксама адзначыў, што Расія і Казахстан у гэтым пагадненні ўзялі на сябе абавязацельствы выйсці да 1 студзеня 2015 года на раўнадоходнасць. Цяпер у Расіі і Казахстане цэны на газ ніжэйшыя, чым у Беларусі. Таму да 2015 года пазначаны пераходны перыяд, і гэтыя дзяржавы выйдуць на раўнадоходнасць на ўнутраным рынку. Гэта будзе спрыяць роўным прынцыпам канкурэнцыі, супастаўляльнасці і суадноснасці крытэрыяў і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, падкрэсліў гендырэктар "Белтрансгаза". -0-